HomelDays_Logo_Main-mobil

Каля Каранёўскага водазабору і Зябраўкі з’явіліся бетонныя блокі і мяшкі з пяском

Жыхары Гомельскага раёна паведамляюць пра новыя абарончыя канструкцыі побач з ваеннымі інфраструктурнымі аб’ектамі. Паводле іх слоў, бетонныя слупы і пліты паставілі каля вёскі Краснае Селішча — непадалёку ад аэрадрома Зябраўка. Падобныя працы, як паведамляюць мясцовыя жыхары, ідуць таксама каля Каранёўскага водазабору: там з’явіліся слупы, бетонныя блокі і мяшкі з пяском.

Незалежнага афіцыйнага тлумачэння гэтым работам пакуль няма. Але сам характар канструкцый падобны на ўзмацненне аховы ўласнай інфраструктуры: абарону ўездаў, вартоўняў, тэхнічных вузлоў або абмежаванне праезду.

У 2022 годзе Зябраўка выкарыстоўвалася як база расійскіх войскаў у наступальнай логіцы першых тыдняў поўнамаштабнай вайны. Цяпер пагроза для падобных аб’ектаў іншая: дроны, дыверсіі і ўдары па вайсковай ды крытычнай інфраструктуры. Ва Украіне ўлады таксама працягваюць умацоўваць мяжу з Беларуссю, аднак адзначаюць, што не бачаць прыкмет новага расійскага нарошчвання войскаў на беларускай тэрыторыі.

Парадокс у тым, што падобных мер не прымалі нават у самую “гарачую фазу” 2022 года. Тады расійскі вайсковы кантынгент разлічваў на хуткую вайну і не лічыў Гомельшчыну ўразлівай для ўдару ў адказ. Цяпер сітуацыя змянілася: вайна дронаў зрабіла патэнцыйнымі мэтамі не толькі пазіцыі на фронце, але і аэрадромы, камунікацыі, склады, водазаборы ў тыле. Таму Зябраўку, падобна, рыхтуюць не да наступу, а да таго, што нешта можа прыляцець у адказ.

Штодзень

 

Слайдар пастоў