HomelDays_Logo_Main-mobil

Ліхтарыкі не адплылі, а куст загарэўся. У Гомелі скардзяцца на правал шоў на вадзе

На Каскадзе азёр на Сельмашы 11 верасня прайшоў фестываль водных ліхтарыкаў да Дня горада. У афішы абяцалі рамантычную праграму з жывой музыкай і вялізным арт-аб’ектам — месяцам на вадзе.

Але ўражанні часткі наведнікаў аказаліся зусім не рамантычнымі. Гамяльчане ў Threads пішуць, што ліхтарыкі, якія мусілі паплыць па сажалцы, засталіся ля берага: вада не цячэ, а ветру, відаць, не хапіла. Паводле аднаго з допісаў, месяц так і не загарэўся, а ад ліхтарыкаў загарэўся куст. У каментарах таксама скардзіліся на натоўп, адсутнасць асвятлення, чэргі да адзінага гандлёвага намёта і праблемы з праходам да пляцоўкі.

“Крынж дня — ліхтарыкі на вадзе сёння ў Гомелі. Не ведаю, які быў план і як гэта мусіла выглядаць, але атрымалася некалькі прыбітых да берага ліхтарыкаў”, — напісала адна з наведніц.

Яшчэ адна гамяльчанка заўважыла, што дзеці скакалі на надзіманых светлавых дэкарацыях, хапалі фігуркі матылькоў за крылы, а бацькі не ўмешваліся. Некаторыя ўдзельнікі, праўда, ацанілі імпрэзу больш добразычліва і выклалі эфектныя здымкі.

Дзяржаўная газета пасля фестывалю паведаміла пра “сотні жыхароў”, жывую музыку і ліхтарыкі, якія нібыта вечаровы брыз панёс да цэнтра возера, ператварыўшы яго ў “светлавую дарожку”. Але ў сацсетках найчасцей абмяркоўваюць іншы вобраз вечара: ліхтарыкі, якія так і не адчалілі ад берага.

Штодзень
Фота: з сацсетак

Слайдар пастоў