HomelDays_Logo_Main-mobil

“Нашы двары для дзяцей, а не для страху”: зоаактывісты звярнулі ўвагу на новае змаганне ў Ветцы з бадзяжнымі сабакамі

У Ветцы з’явіліся плакаты “Нашы двары для дзяцей, а не для страху”, на іх фота сабак. Зоаактывісты лічаць, што гэта новая хваля змагання з бяздомнымі жывёламі.

На плакаце таксама напісана: “Сабакі без прывязі збіраюцца ў вялікія зграі, становяцца агрэсіўнымі і ствараюць небяспеку для здароўя і жыцця насельніцтва”.

Улады таксама забараняюць прыводзіць сабак і котак – у крамы, прадпрыемствы, стадыёны, паркі і скверы, школы і дзіцячыя сады – прасцей сказаць, куды можна з імі хадзіць. А таксама гаспадары абавязаныя – не трымаць у кватэры больш за дзве жывёлы, не дапускаць забруджвання гэтымі жывёламі агульных месцаў, выводзіць сабаку на кароткай шлейцы і намордніку. За парушэнні пагражаюць штрафам.

У мінулым годзе гарадскія ўлады пайшлі яшчэ далей: яны плацілі жыхарам Веткі за злоўленых імі сабак. У тым ліку і шчанюкоў, за якіх будуць даваць 10 рублёў, а больш за ўсё 60 рублей за вялікіх і байцоўскіх сабак.

На гэтыя абвесткі звярнулі ўвагу зоаактывісты з Гомеля. “На пытанне, з якога бюджэту будуць выдзяляцца сродкі для грамадзян, з якіх крыніц фінансавання і на падставе якой нарматыўна-прававой базы КЖУП «Веткаўскае» збіралася выплачваць грамадзянам грашовыя сродкі за прыведзеных безнаглядных жывёл, адказу мы так і не атрымалі!” – напісалі яны.

Яны таксама лічаць, што такія абвесткі стануць кепскім прыкладам для дзяцей.

У каментарах падтрымалі зоаактывістаў. Я ўраджэнец Гомеля, і мне сорамна, напісаў адзін з удзельнікаў дыскусіі.

Нагадаем, што ў Гомелі прайшла кампанія па знішчэнню бадзяжных сабакаў, якая выклікала крытыку жыхароў і абаронцаў жывёлаў. Яе падтрымаў новы кіраўнік горада Руслан Пархамовіч. Зоактывістаў атакавалі прапагандысты. Паміж тым, у другім па памеры горадзе ў Беларусі да гэтага часу няма прытулку для бяздомных жывёлаў.

Слайдар пастоў