Народныя святы, за якія бяруцца чыноўнікі, пераўтвараюцца ў дзіўны кітч. Так, у Цэнтральным раёне Гомеля адсвяткавалі Купалле, з прыкметаў якога засталіся хіба вянкі і народныя спевы.
“Для гамяльчан і гасцей горада падрыхтавалі насычаную святочную праграму. На пляцоўцы разгарнуліся інтэрактыўныя зоны, дзе ўсе ахвотныя маглі прыняць удзел у конкурсах, віктарынах і народных гульнях. Хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся са славутасцямі розных абласцей Беларусі, збіралі тэматычныя пазлы і размалёўвалі палотны са святочнымі сюжэтамі”, – піша гарадская прапагандысцкая газета.
Ужо тэкст насцярожвае, а ўжо ж фота тым болей. На іх бачныя дзяўчынкі, якія гуляюць у дзіцячую гульню, накідваючы кольцы на пластыкавыя штыркі, дзеці з шашкамі і пазламі, псеўданародныя вырабы з чырвона-зялёнымі элементамі. Недзе там была выстава малюнкаў школьнікаў, тэма якой не называлася.
Госці радаваліся “сапраўднай славянскай эстэтыкай пляцоўкі”. Напэўна, яны пра майстар-клас па пляценні вянкоў і народныя песні (іх праспявалі дзяржаўныя калектывы).
Для поўнага адчуванню сюру не хапае толькі партрэтаў дыктатара.




