У Гомелі працягваецца будаўніцтва новага забаўляльнага цэнтра на тэрыторыі былога завода “Крышталь”. Разам з падрыхтоўкай пляцоўкі былі высечаныя дарослыя блакітныя яліны, што выклікала незадаволенасць жыхароў горада.
”Няўжо нельга было ўпісаць дрэвы ў канцэпцыю і захаваць іх? Яны стаялі тут задоўга да майго нараджэння. Вельмі сумна”, — пішуць у сацсетках.
У каментарах многія адзначаюць, што праблема ўжо даўно стала сістэмнай.
“Ужо гадоў пяць-сем у Гомелі сякуць усё запар. Глядзіш на фатаграфіі дзесяцігадовай даўніны і разумееш, наколькі горад аблысеў”, — адзначае адзін з карыстальнікаў.
Іншыя звяртаюць увагу, што ў многіх гарадах дарослыя дрэвы не высякаюць, а інтэгруюць у новыя праекты, захоўваючы зялёныя зоны нават пры будаўніцтве жылых комплексаў.
Апошнім часам высечка дрэў у Гомелі рэгулярна выклікае грамадскія дыскусіі. Раней жыхары крытыкавалі высечку ў Піянерскім скверы, каля фабрыкі “8 Сакавіка” і ў іншых частках горада, адзначаючы, што падчас анамальнай спёкі кожнае дарослае дрэва мае асаблівую каштоўнасць для гарадскога мікраклімату.


