Ад сённяшняга дня пасля “планавага” рамонту ў рэйсы ў Беларусі павінны вярнуцца “Штадлеры”. Пра гэта паведамляе Беларуская чыгунка. І тут жа гісторыя пра дзве паломкі за адзін дзень ад жыхара Гомеля – па выніку спазненне на дзве гадзіны.

“Хачу расказаць пра паездку ў Мінск на новых сучасных «Штадлерах!»» 8 чэрвеня ехалі Гомель – Мінск: адпраўленне ў 04:41, прыбыццё ў 07:53. Даехалі да Асіповічаў – там цягнік зламаўся, нас перасадзілі ў эканом, і ў Мінск мы прыбылі на паўтары гадзіны пазней”, – апісаў праблему пасажыр.
У той жа дзень яны вярталіся назад на цягніку, які выязджаў з Мінска ў 14:57. “Цягнік перыядычна на ўсім шляху скідаў хуткасць да 19 км/г, часам увогуле спыняўся, пасля аб’явілі затрымку па тэхнічных прычынах – у Гомель мы прыехалі на 45 хвілін пазней”, – дадаў ён.
У Мінску, дадаў ён, аказалася, што падобныя паломкі былі масавымі. “Можа прывядзяце цягнікі ў парадак, а не будзеце пісаць пра тое, колькі «новых, класных, сучасных» штадлераў вы запусцілі!” – заклікае Б.
Вяртаннем на маршруты некаторыя іншыя каментатары радуюцца, іншыя кажуць, што мала ў чым адрозніваецца “Штадлер” ад звычайнай электрычкі, а кошт вышэй.
Паломкі цягнікоў, якія выпускае “Штадлер” сталі масавымі праз санкцыі супраць дзяржпрадпрыемства, якое яго выпускае. Замяняць даводзіцца на старыя цягнікі, якія ідуць больш павольна і менш камфортныя. Пры гэтым улады замоўчваюць маштабы праблемаў, называючы рамонт цягнікоў “планавымі”.