У Чачэрску зноў спрабуюць прадаць частку гістарычнай сядзібы графаў Чарнышовых-Кругліковых — аднаго з самых адметных сядзібных комплексаў Гомельшчыны ХІХ ст. Цяпер за вялізны фрагмент палаца плошчай больш за 1100 квадратных метраў просяць усяго 45 рублёў — фактычна адну базавую велічыню.

Фота: radzima.org
Гаворка ідзе пра частку двухпавярховага мураванага комплексу на вуліцы Ульянава ў Чачэрску. Будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі, але ўжо доўгі час стаіць пусты і патрабуе сур’ёзнай рэстаўрацыі.
Галоўная гісторыя тут нават не сам продаж, а тое, як імкліва таннеў гэты аб’ект.
Яшчэ ў сакавіку 2023 года ўлады спрабавалі прадаць сядзібу за 859 тысяч рублёў — гэта было больш за 300 тысяч долараў па тагачасным курсе. Пакупнікоў не знайшлося. Праз некалькі месяцаў цану знізілі ўдвая — да 429 тысяч рублёў. Але і гэта не дапамагло.
Пасля пачаўся сапраўдны цэнавы абвал. Да жніўня 2023 года кошт сядзібы скараціўся ўжо да 37 рублёў. У 2025 годзе яе зноў выстаўлялі на таргі фактычна за адну базавую. Цяпер — новая спроба: 45 рублёў.
На першы погляд можа падацца дзіўным, што інвестары не кідаюцца купляць гістарычны палац амаль бясплатна. Але прычынаў тут шмат.
Па-першае, разам з будынкам пакупнік атрымлівае не толькі прыгожую гісторыю, але і вельмі жорсткія абавязанні. Новы ўласнік павінен:
– падпісаць ахоўнае абавязацельства;
– за два гады цалкам правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя працы;
– выкарыстоўваць аб’ект выключна для прадпрымальніцкай дзейнасці;
– гарантаваць працу бізнесу ў будынку як мінімум два гады.
Для невялікага райцэнтра гэта азначае шматмільённыя выдаткі пры вельмі туманных перспектывах акупнасці.
Але ёсць і іншая, больш важная праблема. За апошнія гады ў Беларусі ўжо не раз здаралася, што дзяржава забірала назад маёмасць або пераглядала ўмовы для ўласнікаў. Ва ўмовах, калі права ўласнасці ў краіне выглядае ўсё менш гарантаваным, укладваць вялікія грошы ў гістарычны аб’ект у рэгіёне рызыкуюць далёка не ўсе. Асабліва калі гаворка ідзе пра помнік архітэктуры, дзе любое адхіленне ад праекту можа скончыцца канфліктам з дзяржавай. У выніку ўлады ўжо трэці год не могуць знайсці інвестара нават на палац з гісторыяй і сімвалічнай цаной у некалькі дзясяткаў рублёў.