HomelDays_Logo_Main-mobil

9 траўня ў Гомелі: прымус, паказуха і “рускі мір” пад савецкімі сцягамі

Улады Гомеля традыцыйна рыхтуюць маштабнае святкаванне 9 траўня — з парадамі, канцэртамі, салютамі і шматлікімі ідэалагічнымі акцыямі. Але за вонкавай святочнасцю ўсё больш выразна праглядаецца іншая рэальнасць: прымус бюджэтнікаў і школьнікаў да ўдзелу ў мерапрыемствах, мілітарызацыя дзяцей і ўсё больш адкрытая прысутнасць расійскага праекта “Бессмертный полк”, які яшчэ некалькі гадоў таму беларускія ўлады спрабавалі трымаць пад кантролем.


”Бессмертный полк” у Гомелі: паўафіцыйна, але ўсё больш адкрыта

Сёлета ўдзельнікаў акцыі “Бессмертный полк” заклікалі збірацца 9 траўня ўжо а 9:30 каля скрыжавання на вуліцы Савецкай побач з цыркам. Арганізатары загадзя паведамілі, што калона будзе пазначаная вялікай расцяжкай з надпісам “Помним подвиг советского народа Победителя!” Пры гэтым асобна адзначалася, што месца збору штогод мяняецца: у 2023 годзе калона стаяла каля танка, у 2024-м — насупраць цырка, у 2025-м — каля помніка Грамыку.

Такія меры бяспекі і “канспірацыі” добра паказваюць статус акцыі ў Беларусі. Афіцыйна ўлады прасоўваюць больш нейтральную версію — “Беларусь помнит”, але сам “Бессмертный полк” нікуды не знік. Наадварот, ён паступова вяртаецца ў публічную прастору як частка ідэалогіі “русского мира”.

Пры гэтым сама акцыя мае выразнае расійскае палітычнае паходжанне. У Расіі “Бессмертный полк” даўно ператварыўся не проста ў форму памяці пра Другую сусветную вайну, а ў дзяржаўны культ, цесна звязаны з мілітарызмам, прапагандай і апраўданнем сучаснай агрэсіі супраць Украіны. Менавіта таму да 2020 года ўлады Беларусі ставіліся да яго асцярожна, спрабуючы не дапускаць адкрытага дамінавання расійскіх сімвалаў у дзяржаўнай прасторы. Але цяпер гэтыя межы ўсё больш размываюцца.

У 2025 годзе акцыя “Бессмертный полк” была арганізаваная мясцовым Рускім домам. Няма сумневу, што і сёлета асноўныя арганізацыйныя пытанні бярэ на сябе гэтая арганізацыя.

Адметна, што афіцыйныя мерапрыемствы ў Гомелі стартуюць толькі а 11-й гадзіне. Улады анансуюць шэсце па вуліцы Савецкай, мітынг на плошчы Працы, парад тэхнікі, канцэрты і выступ “Песняроў”. Асобна арганізуюць “Вальс Перамогі”, рэтра-пляцоўкі, фотазоны і выставы.

Бюджэтнікаў і дзяцей — у калону

На фоне афіцыйнай рыторыкі пра “народнае свята” ўсё больш з’яўляецца сведчанняў пра прымусовы ўдзел у мерапрыемствах. Супрацоўнікі розных дзяржаўных установаў горада паведамляюць Штодню, што іх заганяюць на святочныя канцэрты і мітынгі ў выходныя і прымушаюць утвараць масоўку.


Асобная гісторыя — удзел дзяцей. У школьных чатах горада распаўсюджваюцца паведамленні з просьбамі тэрмінова вызначыць дзяцей для ўдзелу ў парадзе. Для ўдзельнікаў загадзя рыхтуюць ваенную форму, плакаты і іншую атрыбутыку.

Штодзень

Чытаць па тэме:
Як дзень Перамогі пераўтвараецца ў інструмент маніпуляцыі
Мы і не заўважылі, як памяць пра вайну пераўтварылася ў моцны інструмент ідэалагічнага маніпулявання 
Дзень Перамогі ў стылі Супер Марыо
У Гомелі на акцыі “Несмяротны полк”, арганізаванай прарасейскімі сіламі ў Дзень Перамогі, неслі фотапартрэт Сталіна 

 

 

 

 

 

Слайдар пастоў