HomelDays_Logo_Main-mobil

Італьянская сям’я амаль 30 гадоў шукала хлопчыка з Гомеля. І знайшла яго праз сацсеткі

Кранальная гісторыя з Гомеля сабрала сотні тысяч праглядаў і тысячы каментароў у сацсетках. Італьянская сям’я з вострава Сардзінія праз амаль тры дзесяцігоддзі знайшла беларускага хлопчыка, які ў дзяцінстве прыязджаў да іх па чарнобыльскай праграме аздараўлення.

Гаворка ідзе пра гамельчука Юрыя Юрчанку. Напрыканцы 1990-х, калі яму было каля дзевяці гадоў, ён гасціў у італьянскай сям’і Сільваны Марціз з горада Тонара на Сардзініі. Увесь гэты час італьянцы памяталі пра беларускага хлопчыка і хацелі даведацца, як склаўся ягоны лёс.

Дапамагчы ў пошуках вырашылі праз сацыяльныя сеткі. У Threads з’явіўся допіс:

“Итальянская семья ищет белоруса, который был у них в гостях 28 лет назад. Верю в силу тредс, Гомель, нужна ваша помощь!”

Пост імгненна стаў вірусным. Людзі пачалі масава рабіць рэпосты, пазнаваць знаёмыя твары і перасылаць інфармацыю. У выніку гісторыя набрала сотні тысяч праглядаў, дзясяткі тысяч лайкаў і тысячы каментароў.

Развязка аказалася шчаслівай. Праз некаторы час у каментарах з’явілася жонка Юрыя:

“Это действительно мой муж (соцсети он не ведет) “

Яна апублікавала сучасныя фота мужа і пацвердзіла, што з Сільванай ужо звязаліся і пачалі размаўляць.

“Мальчику Юре скоро будет 40, а Сильвана его запомнила как “bravo bambino””.

Гісторыя выклікала моцную эмацыйную рэакцыю ў беларусаў. Многія ўзгадвалі ўласнае дзяцінства і чарнобыльскія праграмы аздараўлення, калі дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў Беларусі прымалі сем’і ў Італіі, Германіі, Францыі і іншых краінах Еўропы.

У каментарах беларусы дзякавалі італьянцам за чалавечнасць і цеплыню, а таксама жартавалі:

“Госпадзе, ну чаму мяне ніякія італьянцы не шукаюць?”

Асобнай папулярнасцю карыстаўся каментар расіян, якія былі здзіўлены маштабам гэтай з’явы:

“Судя по комментариям, у каждого беларуса есть своя итальянская семья. Можете объяснить, что это за практика такая?”

І сапраўды — для цэлага пакалення беларусаў “італьянская сям’я” стала часткай памяці пра 1990-я. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС дзясяткі тысяч дзяцей з Гомельскай і Магілёўскай абласцей ездзілі на аздараўленне ў Еўропу. Для многіх гэтыя паездкі перарасталі ў шматгадовыя сяброўствы.

Дарэчы, асобныя каментатары звярнулі ўвагу, што на адным з сучасных фота Юрый Юрчанка вельмі нагадвае Рагнара Лодбрака з серыяла “Вікінгі”. Жарты пра “гомельскага вікінга” хутка сталі яшчэ адной віруснай часткай гэтай гісторыі.

Штодзень
Чытаць па тэме:
Ад “цягнікоў шчасця” да прыёму беларускіх дзяцей у Італіі
Італьянскі фільм “Буслы Чарнобыля” пра беларускіх дзяцей здабывае прызы

Слайдар пастоў