На філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францыска Скарыны, дзе раней працавала выкладчыца Наталля Суслава — маці загінулага добраахвотніка Палка Каліноўскага з пазыўным Волат — паглыбляюць супрацоўніцтва з расійскім фондам “Рускі мір” і плануюць адкрыць брэндаваную аўдыторыю.
Паводле афіцыйнай інфармацыі ўніверсітэта, з візітам у Гомель прыехаў галоўны праектны менеджар упраўлення рускіх цэнтраў фонду “Рускі мір” Сяргей Улiцiн . Мэта ягонага візіту — абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва, а таксама перадача метадычнай літаратуры па рускай мове як замежнай.
У першы дзень адбылася сустрэча з кіраўніцтвам ВНУ, дзе абмяркоўваліся новыя формы супрацоўніцтва, у тым ліку адкрыццё на філалагічным факультэце спецыяльнай “брэндаванай аўдыторы” фонду. Падчас візіту прадстаўнік фонду наведаў мерапрыемствы ў межах “Дзён рускай мовы”, уключна з лінгвістычным турнірам для школьнікаў і круглым сталом пра моўнае багацце рускай і сусветнай культуры”. Таксама запланаваныя сустрэчы з выкладчыкамі і конкурс знаўцаў рускай мовы.
Фонд “Рускі мір” — расійская дзяржаўная структура, якая займаецца прасоўваннем рускай мовы і культуры за мяжой. У 2025 годзе Расія істотна павялічыла выдаткі на прасоўванне рускай мовы за мяжой. Паводле праекта федэральнага бюджэту, агульная сума склала каля 1,7 млрд расійскіх рублёў, што прыкладна на 1,2 млрд рублёў больш, чым у 2024 годзе. У 2026 годзе на гэтыя мэты запланавана 1,8 млрд рублёў (каля $20 млн), а ў 2027 годзе сума павялічыцца да 2 млрд рублёў (каля $22,22 млн). Асноўная частка гэтых сродкаў будзе накіраваная на падтрымку фонду “Рускі мір”, а таксама на рэалізацыю культурных і адукацыйных праектаў за мяжой, у тым ліку развіццё сеткі “рускіх цэнтраў”, правядзенне мерапрыемстваў і перадачу навучальных матэрыялаў.
Сяргей Улiцiн у межах сваёй працы курыруе міжнароднае супрацоўніцтва, адкрыццё такіх пляцовак у замежных універсітэтах, а таксама перадачу літаратуры і арганізацыю мерапрыемстваў.

Наталля Суслава. Фота: ПМ
Адзначым, што раней на філалагічным факультэце ГДУ працавала Наталля Суслава — кандыдатка філалагічных навук, якая стала адной з сімвалічных фігур пратэстаў у Гомелі ў 2020 годзе. Яе сын, Павел з пазыўным Волат, быў адным з камандзіраў Палка Каліноўскага і загінуў у баях супраць расійскіх войскаў ва Украіне. Сама Суслава пасля пачатку поўнамаштабнай вайны падтрымала Украіну і застаецца там. У Беларусі супраць яе былі распачатыя крымінальныя справы, у тым ліку за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай дзяржавы і за інтэрв’ю незалежным медыям.
Штодзень
фота: сайт ГДУ імя Францыска Скарыны

