«Выратаваць Алеся»: Папу Рымскага і Дональда Трампа просяць умяшацца, каб вызваліць Нобелеўскага лаўрэата

Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і адзін з самых вядомых беларускіх праваабаронцаў, ужо чацвёрты год застаецца ў турме. Ён асуджаны на 10 гадоў па сфабрыкаванай справе, трымаецца ў калоніі без належнай медыцынскай дапамогі і пад пастаяннай пагрозай для жыцця.

Фота: ПЦ Вясна

Каб выратаваць Бяляцкага, вядомыя праваабаронцы і грамадскія дзеячы звярнуліся адразу да двух сусветных маральных аўтарытэтаў — Папы Рымскага і Дональда Трампа.

«Патрэбны голас Ватыкана»
Літоўскі паэт, савецкі дысідэнт і праваабаронца Томас Венцлова заклікаў Яго Святасць Папу Рымскага патрабаваць неадкладнага вызвалення Бяляцкага. Ён падкрэслівае, што маральны аўтарытэт Ватыкана можа стаць вырашальным для выратавання жыцця беларускага палітвязня. Венцлова адзначае, што калі беларускія ўлады сапраўды хочуць дыялогу з Ватыканам, то вызваленне Бяляцкага і іншых палітвязняў павінна стаць першым крокам.

«Час дзейнічаць Трампу»
У сваю чаргу, былыя беларускія палітвязні Леанід Судаленка, Юрась Зянковіч і Аляксандр Антанюк накіравалі адкрыты ліст у Белы дом, у якім заклікалі Дональда Трампа асабіста выступіць за вызваленне Бяляцкага. Яны лічаць, што гэта магло б стаць магутным сімвалам амерыканскага маральнага лідарства, асабліва на фоне намінацыі Трампа на Нобелеўскую прэмію міру.

«Яго вызваленне было б моцным жэстам падтрымкі для ўсіх, хто змагаецца за свабоду і годнасць», — адзначаецца ў лісце.

Сімвал нязломнасці
Нават падчас судовага працэсу Бяляцкі заклікаў не да помсты, а да дыялогу і нацыянальнага прымірэння. Цяпер ягонае імя стала не толькі сімвалам беларускай барацьбы за правы чалавека, але і маральным выклікам для ўсяго свету.

Алесь Бяляцкі застаецца адзіным Нобелеўскім лаўрэатам міру ў свеце, які знаходзіцца за кратамі. Ягоная гісторыя — выпрабаванне для міжнароднай супольнасці: ці здольная яна сапраўды абараняць тыя каштоўнасці, пра якія так часта гаворыць.

Штодзень

Слайдар пастоў