Працэс над Вячаславам Бародзіем пачнецца 5 лістапада. Яму прад’явілі шэсць крымінальных артыкулаў.
У верасні 2023 года КДБ затрымаў у Беларусі 6 чалавек па абвінавачанні ў супрацоўніцтве са «Службай бяспекі Украіны» і «падрыхтоўцы тэрактаў». Сярод затрыманых — два ўкраінцы, астатнія — беларусы, паведамлялі праваабаронцы з «Вясны».
Вячаслава Бародзія затрымалі ў Ельскім раёне. Ён паходзіць з Жытомірскай вобласці Украіны, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей.
Прапагандысты паведамлялі, што мужчына пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібы прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што “стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны”.
Бародзія на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу.
Украінскаму егеру прад’явілі абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве, арганізацыі незаконнай міграцыі, незаконных дзеянняў у адносінах да зброі, незаконным перасячэнні мяжы і перамяшчэнне праз мяжу зброі і ваеннай тэхнікі, агентурнай дзейнасці. Толькі па першым артыкуле праз дзяржздраду Бародзію пагражае да 15 год пазбаўлення волі.