Парадак продажу дамоў, якія ўлады прызнаюць закінутымі, у Гомелі і Беларусі стаў сістэмным. Для таго каб будынак аказаўся ў спецыяльным рэестры, дастаткова, каб камісія з чыноўнікаў праехала міма і візуальна вырашыла, што ў ім доўгі час ніхто не жыве.
У вобласці ўсяго амаль 3898 дамоў (больш за ўсё ў Беларусі) прызнаныя закінутымі, за сёння дадалі 31 новы, паведамляецца ў рэестры. Сярэдні кошт прададзенага дому пры гэтым адзін з самых нізкіх у Беларусі – 685 рублёў.
З 267 дамоў у Гомелі (амаль палова – 128 – у Савецкім раёне), якія сёння ў гэтым спісе, статус «да продажу» не атрымаў ніводны.
Алгарытм канфіскацыі дома для продажу распавяла дзяржаўнаму выданню «Белка» прадстаўнік адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Таццяна Уладзімірава.
- Камісія прызнае дом закінутым па візуальных прыкметах.
- Пачынаецца пошук уласніка «праз суседзяў, міліцыю, натарыусаў і гэтак далей».
- Пры станоўчым зыходзе накіроўваецца прадпісанне аб тым, што дом хочуць прызнаць пустым, і просяць паведаміць аб намерах або іх адсутнасці выкарыстоўваць дом па прызначэнні.
- Цягам месяца чакаюць адказ.
- Калі не атрымліваюць звесткі пра пусты дом, публікуюць у СМІ і на афіцыйным сайце адміністрацыі.
- Калі па-ранейшаму няма рэакцыі, падаецца пазоў у суд пра прызнанне дома безгаспадарным.
У Савецкім раёне пры гэтым да суда, зносу і продажу дома сітуацыя даходзіла ў адзінкавых выпадках, сцвярджае Уладзімірава. Пры гэтым у гарвыканкаме паведамілі пра чатыры выпадкі продажу дамоў з рэестра закінутых дамоў, іх прадалі праз аўкцыён (два ў Чыгуначным, і па адным у Цэнтральным і Навабеліцкім раёнах). Іх прадалі толькі з чацвёртай спробы, калі стартавы кошт (ён не называецца) быў зніжаны на 50 працэнтаў.
Іншая сітуацыя з участкамі, якія канфіскуюць, бо там не пачалі будаўніцтва. Такіх у Гомелі за год бываюць 30 выпадкаў. Начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама Андрэй Марозаў той жа «Белцы» распавёў, што «попыт ёсць», «бывалі выпадкі, калі адначасова на адзін лот прэтэндавалі 10 і больш удзельнікаў».
Як сцвярджаюць гарадскія ўлады, Гомель з’яўляецца адзіным горадам у краіне, дзе поўнасцю ліквідавана чарга на зямельныя ўчасткі пад індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Гэта ўжо адбілася на кошце. У горадзе ўчасткі прадаюцца ад 30 да 60 тысяч рублёў, тады як у іншых абласных цэнтрах яна не апускаецца ніжэй за 100 тысяч. Складана сказаць, ці можна гэта залічыць у дасягненні, ці гэты факт указвае на нізкі попыт на зямлю.