35 гадоў: юбілей “Гомельскіх ведамасцей”, з якім не хочацца віншаваць

Гарадская газета “Гомельскія ведамасці” адзначае 35-годдзе з дня заснавання. За гэты час выданне прайшло шлях ад дэмакратычнага праекта да рэжымнага СМІ. Першы нумар “ГВ” выйшаў 5 студзеня 1991 года з ініцыятывы дэмакратычна абранага Гомельскага гарадскога савета 21-га склікання — першага і апошняга абранага ў гісторыі горада. Сярод ініцыятараў і стваральнікаў газеты быў дэпутат гарсавета, журналіст і грамадскі дзеяч Андрэй Толчын.

Андрэй Толчын

На пачатковым этапе газета “Гомельскія ведамасці” задумывалася як адкрытая гарадская газета, арыентаваная на інтарэсы гомельцаў, з выразным курсам на беларусізацыю, свабоду слова і асвятленне мясцовых праблем. У розныя перыяды ў рэдакцыі працавалі таленавітыя журналісты, якія спрабавалі захоўваць прафесійныя стандарты і крытычны погляд на падзеі — настолькі, наколькі гэта было магчыма ва ўмовах паступовага згортвання дэмакратыі ў краіне.

Важным сведчаннем першапачатковай дэмакратычнай сутнасці выдання з’яўляецца фотаздымак першага нумара “Гомельскіх ведамасцей”, які мы публікуем тут. На ім выразна бачныя подпісы людзей, непасрэдна датычных да стварэння газеты.

Першы выпуск газеты “Гомельскія ведамасці”. Подпіс Андрэя Толчына першы злева

Сярод іх — Андрэй Толчын, журналіст, грамадскі дзеяч, адзін са стваральнікаў выдання, сёння — былы палітвязень. Таксама на здымку прысутнічае аўтограф Святланы Гальдадэ, першай кіраўніцы Гомельскага гарадскога савета ў дэмакратычны перыяд. Менавіта ад яе імя ў першым нумары была змешчаная праграмная публікацыя — своеасаблівае настаўленне і візія ролі “Гомельскіх ведамасцей” як гарадской газеты для грамадства, а не для ўлады. Асобна варта адзначыць, што ў першым нумары газеты было змешчана віншаванне ад дэмакратычна абранага старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча — фактычнага кіраўніка дзяржавы таго часу. Гэта яшчэ раз падкрэслівае статус і значэнне выдання на этапе яго стварэння як часткі агульнанацыянальнага дэмакратычнага працэсу. Пры гэтым паказальна, што ў сучасных юбілейных матэрыялах “Гомельскіх ведамасцей” імя Станіслава Шушкевіча не згадваецца ўвогуле.

З усталяваннем аўтарытарнай сістэмы і асабліва пасля 2000-х гадоў газета пачала губляць сваю самастойнасць, ператвараючыся ў інструмент дзяржаўнай прапаганды. Першапачатковая ідэя гарадскога выдання, якое служыць грамадству, была фактычна знішчаная.

Канчаткова “Гомельскія ведамасці” аформіліся як рэжымнае выданне пасля падзей 2020 года. У гэты перыяд кантроль над газетай узмацніўся, у тым ліку праз кадравыя рашэнні: у кіраўніцтва выдання былі прызначаныя прадстаўнікі сілавых структур. У прыватнасці, пасаду намесніка галоўнага рэдактара заняў падпалкоўнік міліцыі Віталь Прыстромаў, раней кіраўнік аддзела грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, вядомы ўдзелам у рэпрэсіўных практыках супраць пратэстоўцаў.

Віталь Прыстромаў з дыпломам “Чалавек Года”

Сёння “Гомельскія ведамасці” цалкам фінансуюцца з бюджэту і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, атрымліваючы сотні тысяч рублёў на абсталяванне, у той час як незалежныя медыя ў рэгіёне знішчаныя або выціснутыя за межы краіны.

Асобна варта адзначыць моўнае пытанне: у адрозненне ад пачатковага перыяду існавання газеты, калі беларуская мова выкарыстоўвалася рэгулярна і прынцыпова, цяпер беларускамоўныя матэрыялы ў “Гомельскіх ведамасцях” практычна адсутнічаюць. Выданне цалкам перайшло на рускую мову, што яшчэ раз падкрэслівае яго разрыў з уласнай гісторыяй і каштоўнасцямі, на якіх яно было заснавана.

Такім чынам, 35-годдзе “Гомельскіх ведамасцей” — гэта ілюстрацыя таго, як дэмакратычны медыяпраект, створаны гарадской супольнасцю, з цягам часу быў ператвораны ў кантраляваны элемент прапагандысцкай сістэмы. Няма з чым віншаваць і прымаць віншаванні.

Штодзень

 

Слайдар пастоў