“Запыты ўзроўню “касманаўт” за 1000 рублёў” і сексізм: у Гомелі жанчыны скардзяцца на нізкія заробкі і адсутнасць працы

Пытанне падняла жыхарка Гомеля з шасцігадовым стажам, і яго падтрымалі каментатары. І гэта ў “Год жанчыны”.

“Ці рэальна ўвогуле ў Гомелі знайсці нармальную працу, калі ты не згодны гарбаціцца за капейкі 24/7? У мяне вышэйшая адукацыя. Агульны стаж — 6 гадоў. То-бок я не ўчарашні студэнт, а гатовы спецыяліст з вопытам і разуменнем працэсаў. Але тое, што адбываецца цяпер на рынку працы, — гэта нейкі абсурд”, – пытаецца Д.К.

Паводле яе, “адгукаешся на вакансіі, якія цалкам адпавядаюць твайму профілю, вынік — або аўтаматычная адмова без тлумачэння прычын, або рэзюмэ вісіць непрагледжаным тыднямі”.

“Запыты ўзроўню “касманаўт” за 1000 рублёў. Калі справа ўсё ж даходзіць да сумоўя, патрабаванні выстаўляюць проста завоблачныя. Хочуць, каб адзін чалавек сумяшчаў у сабе абавязкі траіх, гарэў справай, затрымліваўся, браў адказнасць за ўсё на свеце — і ўсё гэтае шчасце за сціплую тысячу чыстымі”, – скардзіцца аўтарка допісу.

Яна лічыць, што такі заробак “пры цяперашніх цэнах гэта проста выжыванне”.

Сярод іншых пытанняў ад патэнцыйных працадаўцаў: “Ой, вы замужам? Хутка ў дэкрэт?” “Як толькі працадаўцы бачаць штамп у пашпарце і ўзрост, адразу пачынаюць спісваць з рахункаў. Нібыта замужжа — гэта кляймо прафесійнай непрыдатнасці, а жанчыны створаныя толькі для таго, каб сыходзіць на бальнічны”, – лічыць Д.К.

Яе падтрымала В.Ц.: “Гэта вы яшчэ ў статусе “мама” не шукалі работу”.

“Вучылішча, тэхнікум, курсы, вышэйшая адукацыя, магістратура, аўтамабіль ёсць — вынік 1200. Стаж з 2013 года”, – кажа М.Х.

“Я пераехала тры гады таму ў Гомель і адразу знайшла працу. Мне вельмі пашанцавала, насамрэч. Бо я памятаю, што тады прапаноўваў рынак. Трэба шукаць, але Гомель — не вельмі горад для працы”, – дадае В.Г.

“Я нават баюся пасля дэкрэта шукаць працу, мне здаецца, што буду пастаянна чуць: “У вас маленькае дзіця, вы будзеце часта хадзіць на бальнічны, да пабачэння””, – прызнала Л.С.

Такія запыты цудоўна паказваюць, што насамрэч абвешчаны ўладамі “Год жанчыны” на практыцы не прыводзіць ні да паляпшэння ўмоваў працы для жанчынаў, ні росту заробкаў, ні да росту колькасці вакансій і нават не адмяняе сексізм працадаўцаў.

Штодзень

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя