Так сталася, што з усяе шматвекавой беларускай гісторыі ў Гомелі (у тапаніміцы, назвах устаноў і г.д.) адлюстраваны фактычна толькі тры перыяды: часоў Расейскай імперыі, часоў камунізму і часоў Другой сусветнай вайны. Але мінулае нашага народа поўніцца разнастайнымі падзеямі, вартымі ўшанавання. З нагоды 105-й гадавіны абвяшчэння БНР “Штодзень” прапануе паразважаць, якім чынам можна было б увекавечыць памяць аб гэтай падзеі ў нашым горадзе.
ВУЛІЦЫ
Жанчына, подпіс якой стаіць пад трыма Устаўнымі граматамі абвяшчэння незалежнасці, нарадзілася ў Гомелі, у прыватным сектары непадалёку ад вул. Дзімітрава. Яе імя – Палута Бадунова – добра вядома аматарам гісторыі, але, на жаль, не сярэднестатыстычнаму гомельцу. Чаму б не перайменаваць вул. Дзімітрава, што зараз носіць імя балгарскага камуніста, у вул. Бадуновай? Дый “Бадуноўскія лазні” гучыць не горш, чым “Дзімітраўскія”.
Шкада, што гомельскія ўлады не надалі адной з вуліц, пабудаваных у 2018 г., імя “100 год абвяшчэння БНР”. Але хапае вуліц, прысвечаных датам, якія, па-першае, ужо даўно не звязаныя ў нашай свядомасці з нейкімі значнымі падзеямі, а па-другое, блытаюцца паміж сабой з-за падабенства гучання (60 год СССР, 10, 30 і 40 год Кастрычніка, 30, 40, 50 і 70 год БССР). Добра было б даць ім больш адметныя назвы, а замест гэтага адну з вуліц звязаць з гадавінай, напрыклад, 110-годдзя БНР.
МУРАЛЫ
Паколькі ў Гомелі распачата традыцыя ўшаноўваць вядомых асоб у графіці (Станіслаў Шабунеўскі, Ілья Кожар, Кірыл Мазураў, Емяльян Барыкін, Канстанцін Ракасоўскі), можна было б зрабіць мурал, прысвечаны Мітрафану Доўнар-Запольскаму (пра рэдкія фотаздымкі выбітнага навукоўцы, якія знайшліся ў кіеўскім архіве, чытайце тут).
МЕМАРЫЯЛЬНЫЯ ШЫЛЬДЫ
Шыльда на будынку гомельскага вакзала распавяла б пра падзеі 1918 г. Улады кайзераўскай Нямеччыны, што захапіла наш край, вырашылі перадаць Гомель Украінскай Народнай Рэспубліцы. У выніку чаго адбыўся маштабны страйк гомельскіх чыгуначнікаў. Адзін з арганізатараў страйку – камісар БНР Язэп Няцецкі.
Яшчэ адно добрае месца для шыльды – будынак, што належыць “Палесдруку”. Раней тут знаходзілася Гомельская гарадская дума. Дэлегацыя ад мясцовага самакіравання, узначаленая Язэпам Бабарыкіным, удзельнічала ва Усебеларускім з’едзе 1917 года (у выніку чаго была абраная Рада, што абвясціла незалежнасць БНР 25 сакавіка 1918 года).
“Гомельскі тлушчакамбінат” – месца, якое амаль ні ў каго не выклікае асацыяцый з вытокамі беларускай незалежнасці. Але менавіта тут у 1930-я гг. працаваў эканамістам Марк Асвяцімскі, які быў абраны ў склад Беларускай рады Случчыны ў 1920 годзе.
ПОМНІКІ
Скульптур з жаночымі постацямі ў Гомелі хапае (Ірыны Паскевіч, студэнткі ля ГДУ ім. Скарыны, дворнічыхі), але дагэтуль няма ніводнага помніка якой-небудзь беларускай кабеце (калі мы штосьці забылі, папраўце нас, калі ласка). Са з’яўленнем помніка Палуце Бадуновай (напрыклад, на месцы помніка Леніну ля кінатэатра “Мір” у Навабеліцы) горад пазбавіўся б гэтага недахопу.
КУЛЬТУРНІЦКІЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ
Раз на два гады ў абласной бібліятэцы ладзяцца Паскевіцкія чытанні. Але род расейскай арыстакратыі ў Гомелі і без гэтага добра ўшанаваны. Можна было б перанесці мерапрыемства з верасня на сакавік і перайменаваць чытанні, напрыклад, у Езавітаўскія.
Паступова да папулярызацыі гісторыі БНР падцягнуўся б і гомельскі бізнес. Хто б адмовіўся наведаць кавярню “Варонка” каб глытнуць кактэйль Дуж-Душэўскі (каб дасягнуць патрэбнай каларыстыкі, наліваем па чарзе вяршкі з вермутам, грэнадын і зноўку вяршкі)? Чаму б, маючы ў горадзе кандытарскую фабрыку, не наладзіць выпуск шакаладных цукерак “Палута”? У выхадныя можна ўзяць дзетак і пракаціцца на цеплаходзе імя Скірмунта і г.д.
Хацелася б спадзявацца, што такая лёсавырашальная для беларускага народа падзея, як абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у будучыні зойме сваё пачэснае месца на вуліцах і ў культурніцкім жыцці Гомеля і іншых беларускіх гарадоў.