Што вядома пра выкладчыка ГДУ Івана Афанасьева, які атрымаў медаль ад Пуціна

by ZB

Пра ўзнагароду загадчыка кафедры Рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Івана Афанасьева стала вядома 17 красавіка. Але выкладчык, які абараніў дысертацыю на творчасці Васіля Быкава, больш за дзесяць год прасоўвае расійскія інтарэсы у Беларусі.

Іван Афанасьеў задае пытанне Пуціну

 

7 фактаў пра Івана Афанасьева

  1. Афанасьеў працуе ў ГДУ на кафедры рускай (з 2005 года – рускай і сусветнай) літаратуры ў ГДУ практычна ўсё жыццё (з 1985 года). З 2004 года ён стаў загадчыкам кафедры. Тады сярод студэнтаў хадзілі чуткі, што яго прызначэнне было звязанае з карупцыйным скандалам. Дзякуючы яго старанням на кафедру прыходзілі шэраг расійскіх дзеячаў і чыноўнікаў.

Афанасьеў у атачэнні ўніверсітэцкіх калег. На фота, другая злева, кандыдат філалагічных навук Наталля Суслава, у дачыненні да якой улады завялі некалькі крымінальных справаў за “экстрэмізм”

 

  1. Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Антываенная накіраванасць творчасці В. Быкава». Мала таго, у старых публікацыях можна сустрэць згадкі, што яны з Быкавым былі знаёмыя. Вось як пра гэта піша газета «Гомельскі ўніверсітэт» у 2018 годзе: «Васіль Быкаў, па творчасці якога Афанасьеў абараніў кандыдацкую дысертацыю называў яго «маім сябрам і крытыкам». Некаторыя раннія работы былі надрукаваныя па-беларуску.
  2. Іван Афанасьеў любімы сённяшнімі ўладамі і Беларусі, і Расіі, акрамя літаратурных прэміяў мае шэраг звязаных з дзяржавай, актыўны ўдзельнік праўладных мерапрыемстваў у тым ліку супольных з РФ.
  3. Афанасьеў – унучаты пляменнік братоў Лізюковых. Ён напісаў пра іх некалькі кнігаў, а таксама ўдзельнічаў ва ўсталёўцы ім помніка ў Гомелі (з’яўляецца аўтарам тэкста на ім). Гомельцы (двое, з якіх сталі героямі Савецкага Саюза) загінулі ў баях на тэрыторыі Расіі пад час Другой сусветнай вайны і помнік «адлюстроўвае іх баявы шлях» на тэрыторыі гэтай краіны. У 2018 годзе аднаго з братоў Пуцін пасмяротна ўзнагародзіў ордэнам Жукава, які перадалі Афанасьеву.

Адкрыццё помніка братам Лізюковым на пляцоўцы каля абласной бібліятэкі

 

  1. У 2013 годзе Афанасьеў стварыў на кафедры “Літаратурна-асветніцкі цэнтр памяці аб Вялікай Айчыннай вайне “Патрыётыка””. Гэтая экспазіцыя «створаная на аснове асабістай калекцыі І.М. Афанасьева, якая склалася ў працэсе шматгадовага супрацоўніцтва з гуманітарыямі з Расіі». Адкрыццё вітаў вядомы на сёння антыўкраінскімі і імперскімі поглядамі кінарэжысёр і прэзідэнт Расійскага Фонду культуры Мікіта Міхалкоў. Іранічна, што ў 2017 годзе Афанасьеў прывёў у «Патрыётыку» расійскага спевака Юрыя Шаўчука, які цяпер праз сваю антываенную пазіцыю ў апале ва ўладаў.
  2. Выкладчык мае сваю гісторыю «стасункаў» з Пуціным. У 2013 годзе ён адзіны з Беларусі ўдзельнічаў у расійскім Літаратурным сходзе з удзелам главы РФ.

Ён як мінімум шэсць гадоў запар ездзіў на вялікія прэс-канферэнцыі кіраўніка Расіі (2014–2019), і нават прайшоў сіта праверак спецслужбаў, каб асабіста задаць таму пытанне пяць гадоў таму. Афанасьеў распавёў пра ўсталяванне ў горадзе помніка братам Лізюковым і запрасіў Пуціна ў Гомель, падарыў яму сваю кнігу. «Калі за межамі Беларусі і Расіі помнікі апаганьваюцца, калі на п’едэсталы ўзводзяцца ілжывыя героі, мы гэтыя помнікі ствараем», – абвясціў выкладчык ГДУ.

Ён, моцна хвалюючыся, дзякаваў і прасіў Пуціна падтрымаць сваю ініцыятыву пра правядзенне міжрэгіянальнай сустрэчы з расіянамі, але не атрымаў прамой згоды, і інфармацыі пра гэтую сустрэчу пазней таксама не было.

Цяпер жа Пуцін узнагародзіў яго медалём Пушкіна за «вялікі ўнёсак у развіццё культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю».

  1. Іван Афанасьеў мае сапраўдныя акадэмічныя званні: кандыдат навук і дацэнт, але таксама прадстаўляецца як «прафесар Акадэміі ваенных навук Расіі». Толькі вось «Акадэмія ваенных Расіі» – гэта праўладная грамадская арганізацыя. Яна ўзнікла ў РФ у 90-ыя пад патранажам прэзідэнта краіны таго часу Барыса Ельцына і ў асноўным складаецца з сілавікоў. Цяпер структуру ўзначальвае начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў, вядомы кампаніі ў Сірыі і вайне ва Украіне.

З нацяжкай яе можна назваць think-tank-ам расійскіх сілавікоў, магчыма звязаным са спецслужбамі гэтай краіны. Яшчэ ў 2016 годзе «акадэмія» стала пляцоўкай для абмеркавання супрацьдзеяння «каляровым рэвалюцыям», Герасімаў тады прапанаваў выкарыстоўваць для гэтага метады гібрыднай вайны.

Але абсалютна незразумела, як гэтая ГОНГА (праўладная псеўдаграмадскае аб’яднанне) працягвае раздаваць быццам бы акадэмічныя званні да гэтага часу паралельна з Расійскай акадэміяй навук. «Прафесары» гэтай акадэміі часцяком каментуюць для расійскай прапаганды вайну ва Украіне, а некаторыя выкладчыкі нават хваляцца званнем «акадэмікаў».

Што абсалютна дакладна, гэтая структура не мае нічога агульнага з беларускімі інтарэсамі.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png