Ворагаў знішчыць, іх дзяцей выхаваць у “рускім духу”

“Рускі дом” арганізаваў турнэ Z-паэтаў па Гомельшчыне

by ZB

У Гомелі і ў Мазыры адбыліся творчыя сустрэчы з дэсантам прапагандыстаў, якія праслаўляюць расейскі імперыялізм. Калі ў абласным цэнтры мерапрыемствы праходзілі на базе расейскай установы “Рускі дом”, то ў Мазыры для папулярызатараў расейскай зброі выдзелілі ажно залу ў мясцовым драмтэатры імя Івана Мележа. У абодвух выпадках на сустрэчы з расейскімі шавіністамі зганялі навучэнцаў і школьнікаў.

Дэсант расейскіх прапагандыстаў у Мазыры

Прааналізаваўшы склад агітбрыгады, можна зрабіць выснову, што адбор гастралёраў адбываўся па крытэры максімальнай адыёзнасці і нянавісці да Украіны. Так, сярод выступоўцаў, якіх прывезлі мясцовыя аматары рускага міру, – Z-паэт Аляксей Шмялёў. У 2022 годзе ён добраахвотнікам адправіўся на вайну забіваць украінцаў. У яго творчасці – багата вершаў, прысвечаных гларыфікацыі вайны.

Шмялёў падпісвае кнігу гомельскім чытачам

Іншы ўдзельнік расейскіх гастроляў, паэт і празаік Іван Караулаў, унесены ў спіс “Карупцыянераў і падпальшчыкаў вайны” за ўдзел у канцэртах у падтрымку ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Таксама яму забаронены ўезд на тэрыторыю некаторых краін ЕЗ за апраўданне вайны.

Яшчэ адна аматарка “франтавой лірыкі” Марыя Ватуціна ў 2022 годзе напісала шэраг вершаў у падтрымку ўварвання Расеі ва Украіну, за што трапіла ў спіс 6000 распальшчыкаў вайны. Таксама прымала ўдзел у Z-марафонах.

Аматарка янотаў Ганна Долгарава

Паэтка Ганна Долгарава, якая выступае перад беларускімі дзецьмі, часта выказваецца ва ўкраінафобным рэчышчы. “Дэнацыфікацыя магчымая чыста фізічна. Трэба проста знішчыць тых, хто з намі ваюе, і вырасціць іх дзяцей у рускім духу”, – так выказвалася яна падчас аднаго з эфіраў на расейскім ТВ. Калі яе вядучы паспрабаваў паправіць, заявіўшы, што, відаць, маецца на ўвазе, “гуманітарная бамбардзіроўка”, Долгарава зноў прама выказалася пра неабходнасць фізічнага знішчэння ўкраінцаў. Але з ёй звязаныя, зрэшты, і кур’ёзныя выпадкі. У лістападзе 2022 года на фоне адступлення расейскіх войскаў з Херсона яна напісала ў сацсетках пост, які стаў падставай для шматлікіх мемаў: “Адзіная добрая навіна ў тым, што мой таварыш паспеў скрасці янота з херсонскага заапарка”.

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png