Навіны горада

Ілля Міронаў — пра тое, ці магчымая грамадская дзейнасць “у канцлагеры”

Гомельскі валанцёр распавядае падрабязнасці апошняга арышту і разважае пра перспектывы грамадскай дзейнасці

“Штодзень”: Ілля, распавядзі, калі ласка, як ты апынуўся ў ізалятары ў апошні раз?

Ілля Міронаў: Апошняе затрыманне адбылося 21 лістапада. Да гэтага да мяне прыходзіў інспектар па прафілактыцы злачынстваў, але мяне не было дома, бо я ездзіў у Мінск, на канцэрт гурта “Сектар Газа”. Па прыездзе з Мінска, без усялякай задняй думкі, дамовіўся з інспектарам, зайшоўшы ў аддзяленне пасля абеду. Даў міліцыянтам на прагляд свой тэлефон, бо я нічога не збіраўся хаваць, паколькі быў упэўнены ў тым, што нічога супрацьпраўнага ў мяне няма. Але я памыліўся. У мяне была падпіска, ды ўжо даўнавата, гадоў дзесяць, на суполку Ўкантакце “Мая краіна Беларусь” і пара рэпостаў у асабістыя паведамленні са спасылкай на тг-канал “Вясна”, на якую я нават не быў падпісаны… А што да асабістай перапіскі, я да апошняга быў упэўнены, што яе могуць правяраць толькі з санкцыі пракурора. У адносінах да мяне было складзена два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях: арт. 19.11 ч.1 і ч.2.

Ці не паменела ў цябе жадання займацца грамадскай дзейнасцю пасля прэсінгу?

Я як быў валанцёрам, так і застаўся ім, застаўся, нягледзячы на тое, што больш за год правёў у турме. Я з самага першага дня, нават не адпачыўшы некалькі дзён пасля выхаду на волю, працягнуў займацца тым, чым займаўся да арышту і размяшчэння ў турму. А за год працы назбіралася столькі, што да гэтага часу, хоць і прайшло ўжо больш за месяц, не магу з усім разабрацца. Так атрымалася, што я пакуль што ўзяў на сябе вялікі кавалак дзейнасці: маніторынг судоў, напісанне лістоў салідарнасці, збор прадуктова-рэчавых перадач, не кажучы ўжо пра інфармацыйную і праваабарончую дзейнасць… А грамадзянская супольнасць? Яна засталася такой жа. Толькі людзі крыху сталі асцярожней і ўважлівей, хоць насамрэч засталіся такімі ж, якімі і былі — сумленнымі, салідарнымі, гатовымі падзяліцца апошнім акрайцам хлеба.

Як да цябе ставіліся міліцыянты падчас затрымання?

У Савецкім РАУС Гомеля, куды я прыйшоў на гутарку, неяк прадузята да мяне не ставіліся. За апошнія некалькі гадоў я ўжо больш за дзясятак разоў пабываў у яго кабінетах, таму адчуваў сябе як дома. Гэта, вядома, жарт. Я паказаў міліцыянтам тэлефон, на ім выявіліся так званыя экстрэмісцкія рэсурсы, якія ў прынцыпе, відаць, у мяне заставаліся з мінулага года, да майго арышту і дастаўкі ў турму. Са мной толкам не размаўлялі. Я прызнаў адразу, што гэта мае спасылкі, спадзеючыся, што мне не прыйдзецца сядзець і ўсё абыйдзецца мінімальным штрафам у 20-30 базавых… Але ў так званым “стакане”, чакаючы транспарт для дастаўкі ў ІЧУ, правёў шмат часу, больш за пяць гадзін. Ужо за поўнач, прыбыўшы ў ізалятар, зноў сутыкнуўся, як я лічу, з парушэннем сваіх канстытуцыйных правоў у выглядзе адсутнасці пасцельнай бялізны, ручніка і мыла, чаго я быў пазбаўлены, на маю думку, у першы раз за ўвесь час. У камеры ўжо знаходзіўся крымінальнік, які здзівіўся такому стаўленню да мяне з боку супрацоўнікаў ІЧУ, але прапанаваў мне ежы, пітва, бо на вячэру мы ўжо не паспелі, а ежы мне не прапанавалі.

Раніцай наступнага дня ў адносінах да мяне адбылося судовае паседжанне, на якім прысутнічала мая мама. Пастановай суддзі Савецкага раёна Гомеля Лагуновіча, быў прыгавораны да 5 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля чаго дастаўлены ў гэтую ж камеру, хату.

Як змяніліся ўмовы ўтрымання ў ІЧУ? 

Ужо ў ІЧУ сутыкнуўся з тым, што ўмовы сталі больш жорсткімі не толькі ў параўнанні з мінулым годам, але і нават з умовамі СІЗА, у якім я правёў 389 дзён. Па-першае, пры паверках, як дзённых, так і вячэрніх, правяраючыя ставіліся да нас горш, чым да крымінальнікаў. І гэта тычылася ўсяго: як металічных кайданкоў, якія зашпільвалі на рукі і якія часам сцягвалі так, што станавілася непрыемна, дыскамфортна. Нас выводзілі спінай да дзвярэй, пры гэтым тузаючы і ставячы “на расцяжку”. Па-другое, харчаванне, пасля таго як дамова на пастаўку ежы была заключана з нейкім ІП, стала на парадак горшым. І вады ўвечары наогул не давалі піць. Ні пра якія два літры чыстай вады, якія патрабуюцца арганізму, гаворкі не магло ісці. Таксама адмовіліся ад перадачы ручніка. Тое ж тычылася прадуктовых перадач, якія прымаліся толькі па самым мінімуме. Ну, і самае галоўнае, што мяне абурыла: камеры былі адназначна перапоўненыя. І там, дзе павінны былі размяшчацца двое, размяшчалі пецярых, шасцярых, з-за чаго даводзілася спаць на стале, падлозе.

Ці магчымая хоць нейкая публічная дзейнасць ў цяперашняй РБ? І навошта яна?

Можна і трэба! Я ўжо казаў і зноў скажу, што наш шлях не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны. Мы – беларусы, не ўкраінцы, не прыбалты і нават не палякі, хаця пражылі з імі істотна працяглы перыяд часу. Але палякам спатрэбілася больш за 30 гадоў на тое, каб памяняць рэжым і тое, на маю думку, ім удалося толькі з-за таго, што ў самім СССР пачаліся істотныя праблемы, якія выклікалі Перабудову і падзенне камуністычнага рэжыму. Магчыма, калі б не гэта, то і Польшчы спатрэбілася больш часу. Таму толькі эвалюцыя, толькі мірныя пераўтварэнні і перамены, на што можа спатрэбіцца значны час, але, на мой погляд, гэта наш шлях.

Пачынаючы з 2020 года, адбылася кансалідацыя значных масаў, усіх слаёў, нашай грамадзянскай супольнасці. Да гэтага былі нязначныя пратэсты, якія па шэрагу прычын, як знешніх, так і ўнутраных, не садзейнічалі кансалідацыі нацыі.

Грамадская дзейнасць патрэбная. Яна ўключае як інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць, накіраваную на вывучэнне роднай мовы, гісторыі і культуры, так і іншых (праваабарончая, салідарнасць, аказанне дапамогі тым, хто за кратамі) — усе гэтыя ініцыятывы адносна бяспечныя, але яны эфектыўныя. Гэта ўсё кансалідуе грамадзянскую супольнасць, нават узмацняе, вось што трэба рабіць і не толькі на словах, але і на справе, штодзень, як цяжка б ні было.

Штодзень