Эдзі Рознэр, звязаны з Гомелем нядоўгі перыяд часу, паспеў стварыць у горадзе над Сожам адзін з найлепшых джазавых аркестраў на тэрыторыі СССР. Але ці быў джаз у Гомелі да Рознэра?
Працягваем нашае падарожжа разам з паэтам, журналістам і даследчыкам Віктарам Сямашкам.
– Сапраўды, гартаючы савецкую міжваенную прэсу ў пошуках джазавых аркестраў Беларусі ці нейкіх згадак пра джаз, я знайшоў пакуль што дзве згадкі пра джазавыя калектывы ў Гомелі. Гэта канец 1930-х гадоў. Так, у 1937 годзе называецца джаз воднікаў, то бок маецца на ўвазе джазавы аркестр, сабраны з працаўнікоў воднага транспарту. Джаз воднікаў нават удзельнічаў ва ўсебеларускім радыёфестывалі. Такія мерапрыемствы ладзіліся ў часы міжваеннай БССР, калі розныя самадзейныя калектывы трансліраваліся па радыё ў жывой трансляцыі. Другі аркестр, які згадваецца ў прэсе – гэта джаз чыгуначнікаў. У 1939 у газеце з’явілася згадка, што гэты аркестр утварыўся нядаўна і базіраваўся ў Доме культуры чыгуначнікаў.
Ці мелі гэтыя аркестры дачыненне да джазу?
Запісаў іх выканання не захавалася, толькі згадкі ў прэсе. Але важны і сам факт, што яны называліся не проста духавым аркестрам, бо такія таксама былі, напрыклад у Віцебску, а джазавымі аркестрамі. Таму хутчэй за ўсё ў іх былі саксафоны, хутчэй за ўсё яны гралі нейкія модныя тэмы, модныя танцы, хутчэй за ўсё запазычаныя з той жа Польшчы ці Берліна. Такія джазавыя ўтварэнні былі амаль што ў кожным буйным горадзе тагачаснай Беларусі, і ў Гомелі таксама.
Навошта джазавыя аркестры ўдзельнічалі ў Алімпіядах?
– Алімпіяда ў БССР – гэта было менавіта творчае спаборніцтва на розных узроўнях, пачынаючы ад горада, раёна, вобласці. Была і ўсебеларуская Алімпіяда. Там спаборнічалі джазавыя аркестры, выканаўцы, танцоры. Уся народная творчасць, карацей. А калі гаворка пра спорт, то гэта на той час называлася Спартакіяда.
Самавар, Маша і Нюма Арполін
– Вернемся ў перыяд маладосці і пачаткаў кар’еры Эдзі Рознэра, то бок Берлін 1920-1930 гадоў. Тады многія беларускія габрэі бралі ўдзел у тагачаснай нямецкай эстрадзе, выступалі з рознымі аркестрамі, гралі ў іх, або нават кіравалі імі. Шмат інфармацыі пра іх засталося, шмат можна дазнацца, нават перабіраючы старыя кружэлкі, якія перажылі тыя гады і ліхалецці.
У прыватнасці, засталіся кружэлкі, на якіх салістам пазначаны Арполін Нюма (гэта ласкава-памяншальнае ад габрэйскага імя Навум). Мяркуецца, што паходзіў Нюма з нейкага мястэчка пад Гомелем. Пра яго шлях шмат невядома, але ў прыватнасці даследчык Георгі Сухно сцвярджае, што менавіта Нюма першым заспяваў рускамоўную версію песні пра самавар “У самовара я и моя Маша”.
Арыгінал гэтай песні быў польскамоўны, яго напісала Фані Гордан, адзіная польская кампазітарка міжваеннага перыяду, аўтарка шматлікіх шлягераў. Сама гэтая песня першапачаткова была запісаная як своеасаблівая пародыя на экзатычную расейшчыну. У арыгінале песня называецца “Pod samowarem siedzi moja Masza”. Запісы з голасам Нюма выдаваліся не толькі ў Польшчы, Нямеччыне, але і ў савецкай Расеі, але імя яго не пазначалася, магло быць напісана “джаз с пением”, хоць прозвішча аўтаркі ў дужках пры гэтым пазначалі.
Арон Лебедзеў з Гомеля: габрэй або “известный цыган”
Арон Лебедзеў, як і Нюма Арполін, мае дачыненне ўжо не столькі да джазу, колькі да забаўляльнай міжваеннай культуры. І нават яшчэ даваеннай, бо кар’ера Арона пачалася да Першай сусветнай вайны ў Гомелі, дзе ён нарадзіўся і спяваў у сінагозе.
– Потым усе свае музычныя і акцёрскія навыкі Арон набываў на тэрыторыі Беларусі, удзельнічаў у Бабруйскім тэатры. Ёсць сведчанне, што ці то ў Гомелі, ці то ў Менску, ён стварыў і сваю прыватную школу танца. Пасля працягваю кар’еру ў Варшаве, у Лодзі. Першыя яго кружэлкі датуюцца 1911-1912 гадамі, на іх – жывыя, свежыя, радасныя запісы. Напрыклад, цыганскі твор Дзіга, нейкі прота-протапанк, у добрым сэнсе “дзікі спеў”. На кружэлцы Арон Лебедзеў пазначаны як “известный цыган”, хоць вядома, што ён быў габрэем.
Цікава склаўся далейшы лёс Арона Лебедзева. У часы Грамадзянскай вайны ён служыў у Арміі Керанскага, разам з якой адступіў у Харбін, але здолеў вырвацца з “белай эміграцыі” і праз Кітай ды Японію дабрацца да Злучаных Штатаў.
– У 1920 годзе Арона прынялі ў трупу Нацыянальнага габрэйскага тэатра ў Нью-Ёрку, дзе ён граў да апошніх гадоў жыцця і з якім гастраляваў па ўсёй Амерыцы. На яго рахунку ролі ў паўсотні мюзіклаў. Арон праявіў сябе як спявак, куплетыст, парадыст, танцор ды імправізатар. Ён пражыў адно з самых доўгіх жыццяў сярод артыстаў Брадвею. Пакінуў шмат запісаў на розных мовах, нават па-украінску.
Пахаваны нараджэнец Гомеля Арон Лебедзеў на нью-ёркскіх могілках Маўнт-Гэброн.
Мова Гомель, адмыслова для “Штодня”
Фота Арона Лебедзева: https://vk.com/stary_homel