Усё ж эскалацыя? Беларусь выносіць у Савет Бяспекі ААН гісторыю з аўтобусам у Бранскай вобласці і згадвае ўльтыматум Зяленскага

Улады РБ, падобна, усё ж выбралі шлях міжнароднай эскалацыі пасля апошніх падзей вакол Беларусі і Украіны. Міністэрства замежных спраў паведаміла, што ў бліжэйшы час у Савеце Бяспекі ААН адбудзецца пасяджэнне, прысвечанае атацы беспілотніка на аўтобус з беларускімі грамадзянамі ў Бранскай вобласці Расіі.

Як заявіў прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў, Мінск звярнуўся да старшыні Савета Бяспекі ААН з просьбай аб скліканні экстраннага пасяджэння пасля здарэння 17 чэрвеня, калі ў Бранскай вобласці быў атакаваны аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы, якая ехала на адпачынак у Геленджык. У выніку загінула жанчына, што суправаджала дзяцей, яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку дзеці, атрымалі раненні.

Паколькі Беларусь зараз не ўваходзіць у склад Савета Бяспекі ААН, яе зварот падтрымаў пастаянны член Савета — Расійская Федэрацыя.

У МЗС заявілі, што будуць настойваць на “неадкладным, аб’ектыўным і бесстароннім міжнародным расследаванні” інцыдэнту, а таксама падкрэслілі неабходнасць абароны грамадзянскага насельніцтва, асабліва дзяцей.

Разам з тым беларускае знешнепалітычнае ведамства звязала гэтую гісторыю з нядаўнімі заявамі кіраўніцтва Украіны аб неабходнасці спынення ваеннай падтрымкі РФ.

Нагадаем, што некалькі дзён таму Уладзімір Зяленскі заявіў, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць рэтранслятары, якія выкарыстоўваюцца для карэкціроўкі расійскіх удараў па Украіне. Украінскі бок паставіў ультыматум: калі гэтыя аб’екты не будуць ліквідаваныя беларускімі ўладамі, Украіна пакідае за сабой права зрабіць гэта самастойна. Пазней Зяленскі паведаміў, што з 22 чэрвеня рэтранслятары спынілі працу, аднак пакуль невядома, былі яны адключаныя ці дэмантаваныя.

Такім чынам, афіцыйны Мінск фактычна пераносіць канфлікт вакол аўтобуса ў Бранскай вобласці і пагрозаў удараў па беларускай тэрыторыі на міжнародны ўзровень. Ці стане гэта пачаткам новага этапу дыпламатычнай эскалацыі паміж Беларуссю і Украінай, стане зразумела пасля пасяджэння Савета Бяспекі ААН.

Штодзень

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя