Усё для людзей: папулярнае месца для пікнікоў гомельцаў перагарадзілі

by homieldays

Каб пайсці на прагулку па ўлюбёных мясцінах, агароджу трэба пералазіць – абысці немагчыма. Калі б праекціроўшчык выехаў на аб’ект, падобнага б, магчыма, не здарылася.

Часам індыкатарам ладу жыцця нечакана можа стаць нейкая простая рэч. Напрыклад, невялічкі кавалак агароджы па вул. Гельман (не здзіўляйцеся, калі чуеце гэтую назву ўпершыню, бо на вуліцы, што звязвае вул. Лізюковых і мікрараён Шведская горка, пакуль няма ніводнага будынка) можа даць шмат матэрыялаў для сацыялагічных даследаванняў.

Вул. Гельман у Гомелі. Фота: wikimapia.org

 

Бадай што ад моманту пабудовы шматпавярховікаў на Лізюковых тутэйшыя жыхары пачалі выкарыстоўваць прылеглую зялёную прастору як месца для пікнікоў, рыбалкі і шпацыраў. За дзесяцігоддзі была вытаптана даволі шырокая сцежка да вадаёма і палёў.

Забудова па вул. Братоў Лізюковых у Гомелі

 

Калі былі ўзведзены гмахі Шведскай горкі, старажылаў аддзялілі ад імправізаванай зоны адпачынку магістраллю і ходнікамі, уздоўж якіх узвялі доўгую агароджу. Каб пайсці на прагулку па ўлюбёных мясцінах, агароджу трэба пералазіць – абысці немагчыма.

Агароджа па гэтай вуліцы сапраўды неабходна – за ходнікамі пачынаецца стромкі схіл, верагоднасць падзення даволі высокая. Але калі б у Беларусі ўрбаністычныя пытанні вырашаліся з арыентацыяй на чалавека, праекціроўшчык павінен быў бы прыехаць на месца і дэталёва вывучыць навакольнае асяроддзе, зразумець значнасць сцежкі і ўлічыць яе ў архітэктурным рашэнні.

Заўважце, ніхто не прасіў прыдаць зоне адпачынку нейкі афіцыйны статус і, адпаведна, не стаяла мэта адшукаць сродкі на пракладанне сцежак, мантаж ліхтароў і г.д. Усё, што было трэба – пакінуць вольным адзіны адсек у заборы, каб быў праход да сцежкі. Не трэба было рабіць і дадатковы пешаходны пераход праз магістраль – побач як раз ёсць прыпынак грамадскага транспарту і “зебра” да яго.

Але праекціроўшчык сядзіць у кабінеце і не бачыць нічога, акрамя эскізаў, праектаў і каштарысаў. Патрэбы асобы, дзеля якой усё і павінна б рабіцца, адыходзяць на другі план, а часам і зусім губляюцца і не ўлічваюцца. І гэта, на жаль, адбываецца не толькі ва ўрбаністыцы, але і ў кожнай сферы нашага жыцця.

З іншага боку незразумелыя і паводзіны тутэйшых жыхароў. Праекціроўшчыкі не ўлічылі, памыліліся, але памыліцца можа кожны. Можна ж было сабраць подпісы і папрасіць дэмантаваць адзін сектар агароджы (гаворка, канешне ж, пра тыя часы, калі праблема ўзнікла, бо зараз нават звычайная скарга на побытавыя праблемы можа прывесці да сумных наступстваў).

У выніку зялёную зону выкарыстоўваюць для адпачынку як і раней. А праз агароджу (даволі высокую) пералазяць. Калі гэта робяць кампаніі маладзёнаў альбо рыбакі, гэта яшчэ нічога. Але ўявіце сабе, як выглядае класічны паход на пікнік усёй сям’і: спачатку дарослыя перадаюць на руках малых дзетак, потым перакідваць дзіцячыя вазкі, а потым усе асобы мужчынскага полу перацягваюць шматкілаграмовую бабулю-пенсіянерку, якая ніколі ў жыцці не праз што не пералазіла…

Штодзень

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png