Навіны горада

У Мазыры змагаюцца з браканьерамі, папрасіўшы рыбакоў здаць сеткі

З заклікам здаць рыбалоўныя сеткі звярнулася Мазырская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Там лічаць, што ад снасцей варта пазбавіцца да пачатку вясновага нерасту, калі рыбу будзе лавіць нельга.

У перыяд нерасту вылаў сеткамі наносіць найбольшую шкоду ўзнаўленню рыбы, адзначаюць чыноўнікі. «Інспектары імкнуцца канфіскоўваць браканьерскія сеткі да таго, як яны патрапяць у вадаём, а іх гаспадары нажывуць масу праблем і фінансавых страт», – патлумачыў намеснік начальніка Мазырскай міжраённай інспекцыі Пётр Кудрыцкі.

Паводле звестак ведамства, палова канфіскаваных у мінулым годзе сетак знайшлі па месцы захоўвання або продажу. За гэта рыбакоў штрафуюць (да 30 базавых велічыняў, 1200 рублёў). У тым ліку, калі сеткі старыя.

Тэрміны нерасту рыбы ў Беларусі ўсталяваныя з 20 сакавіка.

Штодзень