Кіраўнік аблвыканкама Іван Крупко праінспектаваў будаўніцтва фізкультурна-аздараўляльнага цэнтра «Палессе» ў Мазыры. У гэтага даўгабуду ёсць свае асаблівасці: яго адкрылі, ды не зусім.
Што вядома пра будаўніцтва
Улады паступілі з гэтым цэнтрам вельмі хітра. Сачыце за рукамі. У 2020 годзе дзяржСМІ паведамляюць: «Будаўніцтва ФАЦ пераходзіць у завяршальную стадыю. Пры гэтым пішуць, што ён прыняў першых наведвальнікаў, і, зразумела што, «выклікае падвышаны інтарэс у гледачоў». Сарамліва вырашаюць не прыгадваць, колькі будуюць, што здалі і чаго не дарабілі.
У пачатку 2023 года ў Мазыр прыязджае ўсё той жа Крупко і дае загад у тым ліку наконт «Палессе-Арэны»: «Усе незавершаныя аб’екты неабходна ўвесці ў эксплуатацыю ў гэтым годзе».
Пазней, у тым жа 2023 годзе, мясцовая раёнка тлумачыць сітуацыю: адзін з двух блокаў адкрылі яшчэ ў 2019 годзе, а на другім – вядуцца работы. Павінны здаць спартовую залю з больш чым 2000 глядацкіх месцаў, а ўжо працуе басейн і саўна і іншая заля. Акрамя таго, у тым жа годзе рабілі змену прызначэння і перапланіроўку ўжо пабудаванага.
На гэта ўсё з бюджэту вясной 2023 года выдаткавалі 2 млн 390 тысяч рублёў, усяго трэба было 10 млн. Тэрміны завяршэння будоўлі раёнка назваць не бралася.
У каментарах да навіны чытачы пасмейваліся, што закончаць у 2065, і тады давядзецца мяняць дах, які ўжо выгарэў на сонцы.
У лютым 2024 года Крупко зноў прыязджае ў Мазыр. Абвяшчаюць, што часткова грошы на будоўлю выдзяляе Мазырскі нафтаперапрацоўваючы завод. Анансавалася, што будоўлю завершаць у гэтым годзе, а рабочыя займаюцца аддзелкай і ўкладкай пліткі.
У красавіку Крупко паўтарае загад: завяршыць будоўлю да канца года.
У траўні 2024 года Першы намеснік гендырэктара «Мозырпрамбуду» Сяргей Цыўля сказаў гомельскаму рэгіянальнаму тэлеканалу: «Будаўніцтва прыкладна ў нас на стадыя завяршэння». На той момант на будоўлі без выходных працавалі ад 70 да 100 чалавек.
«Гэты спартова-аздараўляльны цэнтр будуецца з 2008 года, праз адсутнасць фінансавання тэрмін будоўлі працягнуўся ў нас, атрымліваецца, на 14 год», – заявіла тады дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Мазырскага раёна Ірына Турко.
Гэта лічба так і выйшла ў выніковым відэа, стала для яго загалоўкам, але навідавоку памылка падлікаў чыноўніцы, а таксама няўважлівасць аўтараў перадачы: размова ідзе пра 16 год.
Турко прапанавала ў спартовай залі на 2000 месцаў, будоўля якой завяршаецца, праводзіць канцэрты і палітычныя мерапрыемствы.
На сёння рабочыя перайшлі да мантажу крэслаў і добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі, усё так жа займаюцца аддзелкай. І ёсць новыя тэрміны заканчэння даўгабуду: да восені. Іван Крупко ўсё так жа цвёрда дае загад.
«Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр павінен быць гатовы да пачатку восені, мы паабяцалі людзям, тэрміны парушаць нельга», – заявіў абласны начальнік.
Як бачым, гэта зусім не першае парушанае абяцанне. Але, падобна што, работы і, праўда, набліжаюцца да канца практычна натуральным чынам. У такой сітуацыі, магчыма, уладам атрымаецца паставіць кропку ў 16-гадовым чаканні жыхароў Мазыра.