Навіны горада

У Лельчыцах перад суботнікам выйшлі бяліць дрэвы і бардзюры, урбаністы даўно заклікаюць адмовіцца ад гэтай практыкі

“Наш гарадскі пасёлак зменьваецца на вачах”, — з захапленнем распавяла лельчыцкая раёнка пра працэс пабелкі. Гэты працэс суправаджаецца купай пастановачных фота з усмешлівымі людзьмі.

“Ва ўсю на вуліцах Лельчыц кіпіць праца. Жыхары гарпасёлка наводзяць парадак на роднай і дарагой сэрцу зямлі”, — захапляецца аўтар раёнкі.

Пры чым гэта нават не суботнік, гэта падрыхтоўка да яго: «У руках у працаўнікоў слоікі з фарбамі. Тон працы задае іх бадзёры настрой. Па ўсім відаць, што сустрэць абласны суботнік ляльчане гатовы ў поўным узбраенні».

Цяжка сказаць, ці змяніла б нешта, каб гэтым ляльчанам нехта сказаў, што яны займаюцца абсалютна бессэнсоўнай, а месцамі нават і шкоднай працай. Урбаністы і эколагі даўно заклікаюць адмовіцца ад практыкі вясновай пабелкі.

Аргументаў акрамя ўпустую выдаткаваных грошаў і часоў працы як мінімум два: шкоднасць для дрэваў і трываласць гэтай вапны – да першага моцнага дажджу.

Шмат дзе гарадскія ўлады адмовіліся ад падобнай практыкі. Напрыклад, у Кіеве з 2017 года прыйшлі да высновы, што бяліць трэба толькі фруктовыя дрэвы, у 2020 годзе да гэтага ж заклікалі ў Цэнтральным раёне Мінска.

У 2019 годзе беларуская петыцыя на гэты конт сабрала 400 подпісаў. Сярод іншага аўтары прыводзілі наступны аргумент: «Бяліць дрэвы (і бардзюры) пачалі падчас вайны, каб калона тэхнікі магла арыентавацца ў начны час для маскіроўкі. Да эстэтыкі і ўпрыгожвання гарадоў гэтая з’ява адносінаў не мела».

У Акадэміі Навук ініцыятараў фактычна падтрымалі, адзначыўшы неабходнасць пабелкі толькі фруктовых дрэваў, а Мінскзеленбуд абышоўся адпіскай.

Штодзень