У Хойніках жыхары скардзяцца на якасць вады, улады тлумачаць ачысткай водаправода

by ZB

Скаргі на ваду ад жыхароў Хойнікаў паступаюць з пачатку красавіка. Раней іх спісвалі на рамонт водаправодаў пасля аварый, але з мінулага тыдня патлумачылі планавай ачысткай рэзервуара з чыстай вадой і водаправода.

Пра праблемы з вадой у мясцовым тэлеграм-чаце паведамлялі жыхары розных дамоў:

«Другі дзень чорная вада з прымешкай нейкага пяску і іржы. Калі гэта ўжо скончыцца, ні папраць, не прыгатаваць нармальна ежу. Другі дзень купляем бутыляваную ваду» (2 красавіка).

«Уздымаю пытанне не толькі наконт вады, але і сапсаваных рэчаў, хто пакрые шкоду за сапсаваныя рэчы?» (3 красавіка, засталося без адказу). Падобныя скаргі прыйшлі яшчэ з некалькіх дамоў, улады тлумачылі рамонтам на цэнтральным вадаводзе, які падняў «іржавы асадак» з трубаў.

 

Да абмеркавання праблемы жыхары горада вярнуліся 11 красавіка:

«Можа хто-небудзь растлумачыць, калі можна будзе нармальна карыстацца вадой? Ні ежу прыгатаваць, ні памыцца, а пра мыццё наогул маўчу».

«Вада брудная ўжо некалькі дзён. Напэўна, вашы спробы ліквідаваць гэтую праблему павярнуліся ад адных дамоў да нас. Гэта завецца: пераарганізацыя (моднае сёння слова!». (12 красавіка).

У Хойніках праводзіцца «комплексная ачыстка ўсіх сетак водазабеспячэння», кажуць камунальнікі.

«Цяпер на водаканале займаюцца планавай ачысткай аднаго з двух рэзервуараў чыстай вады. Вада з асадкам – пабочны эфект гэтай работы», – сказаў мясцовай раёнцы намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Гура.

Ад сённяшняга дня дэкларавалі пачатак гідрапнеўмаачысткі вадаводаў. Гэты працэс зойме мінімум два тыдні. Абяцаюць, што такі метад дазволіць грунтоўна давесці да ладу камунікацыі водазабеспячэння.

Гэтыя маніпуляцыі з сістэмай водазабеспячэння горада збольшага выглядаюць на планавыя, у гэтай сітуацыі асабліва незразумела, чаму хойніцкія ўлады адмаўляюцца ад практыкі папярэджання жыхароў пра іх загадзя.

Штодзень
Фота: з раённых чатаў

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png