Пабачыць, як уладкаваны кінатэатр знутры, можна не толькі працуючы кінамеханікам. Пра экскурсію ў гомельскім кінатэатры імя Калініна расказала ў Threads карыстальніца sasshame.
Паводле яе, наведванне каштавала 5 рублёў і доўжылася каля гадзіны. На экскурсію яна прыйшла разам з мужам — абодвум спадабалася.
Для некаторых гамяльчан такая магчымасць стала адкрыццём: “Не ведаў, вельмі хачу схадзіць паглядзець!” Іншая карыстальніца прыгадала, што яе дзядуля працаваў у кінатэатры пасля вайны, а бабуля доўгі час была касіркай. Акаўнт кінатэатра ў адказ пацікавіўся, ці захаваліся сямейныя фотаздымкі.
Знайшліся і ўспаміны пра плёнкавае кіно: адзін з каментатараў расказаў, як дапамагаў кінамеханікам насіць у праекцыйную чамаданы з бабінамі — за шакаладкі.
Паводле афіцыйнага сайта “Гомелькінавідэапракату”, экскурсія ў кінатэатры імя Калініна доўжыцца 30–45 хвілін і каштуе 5 рублёў з чалавека для груп да 10 наведнікаў, а для груп ад 10 чалавек — 3 рублі.