У Гомелі з’явіўся новы від штрафаў – за вераб’ёў, якіх «утрымліваюць» у краме”!

by ZB

Традыцыйна, гісторыя і смешная, і сумная адначасова. Напэўна, кожны бачыў, што пад столлю гіпермаркетаў (яны вельмі высокія – рэд) раз-пораз, але можна ўбачыць вераб’ёў ці нават галубоў. Яны, як правіла, без праблем трапляюць пад звод вялікіх будынкаў і вельмі камфортна там сябе адчуваюць.

Фота: birdwatch.by

Мяркуючы па ўсім, вераб’і ў гомельскім гіпермаркеце на Гагарына адчувалі там сябе надзвычай цудоўна. Прынамсі, ужо як некалькі год у сацсетках з’яўляюцца відэа, дзе птушкі раз-пораз ласуюцца свежымі капустай, ягадамі і падкрадаюць у краме гарэхі або крупы.

Днямі такой кампаніі па “атаварцы” ў гіпермаркеце не ацаніў хтосьці з пакупнікоў. І ў выніку напісаў скаргу ў санстанцыю, дзе скардзіўся на птушак, якіх “утрымліваюць у гіпермаркеце”.

У адказ на гэта з мэтай “ліквідаваць парушэнне санітарных нормаў і правілаў”, супрацоўнікі ўпраўлення гандлю і паслуг Гомельскага гарвыканкама разам з супрацоўнікамі Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі “правялі наглядныя мерапрыемствы” і сапраўды “ўстанавілі там факт утрымання птушак”.

Вось ужо не ведаем як, але ў справаздачы чыноўнікаў аб праведзенай працы ўказана, што птушак, якія “былі ў краме на ўтрыманні”, удалося “адлавіць і адпусціць у натуральнае асяроддзе пасялення”. Шчыра кажучы, вельмі хацелася б убачыць, як гэта ўсё адбывалася.

Пры гэтым на адміністрацыю гіпермаркета завялі справу паводле адміністрацыйнага артыкула 17.5 (парушэнне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў), штраф паводле якога прадугледжаны да 30 базавых велічынь. А гэта 1 110 беларускіх рублёў. Мяркуючы па тым, што выгнаць птушак з такіх будынкаў практычна нерэальна (яны лёгка праляцяць туды зноў), а адміністрацыю гэтага ж гіпермаркета ўжо штрафавалі за гэтых жа вераб’ёў у гэтым жа годзе, гомельскія чыноўнікі адкрылі для сябе новую “залатую жылу” папаўнення дзяржбюджэту.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png