Беларускія дзеці як ніколі раней адкрытыя да роднай культуры

by ZB

Пасля падзей 2020 года сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну. Многія з вымушаных эмігрантаў з’язджалі сем’ямі, у тым ліку дзецьмі. Некаторыя з маленькіх беларусаў пайшлі ўпершыню ў школу за мяжой. Хтосьці за тры гады пасталеў у чужой краіне. Чым больш часу мінае з моманту ад’езду, тым складаней беларускім дзецям адчуваць сувязь з культурай сваёй радзімы. Не лепшай выглядае сітуацыя і ў Беларусі, дзе сістэма адукацыі пераўтварылася ў адзін з інструментаў русіфікацыі падрастаючага пакалення. Ці магчыма неяк зацікавіць беларускіх падлеткаў здабыткамі сучаснай беларускай культуры? Чым жывуць цяперашнія падлеткі? Пра гэтыя праблемы разважае ў блогу іх аднагодка Яніна Будкіна, якая падрыхтавала адмысловы тэкст для “Мова Гомель”.

Фота:

Фота: Вольга Кузьміч

Часта сучасныя беларускія падлеткі не асабліва паглыблены ў сваю культуру. Яны слухаюць замежную музыку, глядзяць замежныя фільмы і чытаюць замежныя кнігі. Беларуская літаратура выклікае асацыяцыю толькі са школьнымі ўрокамі, дзе разбіраюць далёка не самыя лепшыя творы, пра беларускі кінематограф шмат хто не ведае наогул нічога, акром таго, што ў тэорыі ён павінен існаваць. З музыкай усё выглядае крыху лепш, бо ёсць выканаўцы, якія змаглі дабіцца нейкай папулярнасці і якіх слухаюць нават за межамі Беларусі. Але, зноў жа, працэнт тых, хто слухае няхай і дастаткова вядомых беларускіх выканаўцаў, нашмат меншы, чым тых, хто захапляецца заходняй, азіяцкай ці нават рускай музыкай. Такім чынам, большая частка беларускіх падлеткаў абмінаюць бокам мастацтва і культуру сваёй краіны. Чаму гэта адбываецца і ці можна неяк на гэта паўплываць?

У першую чаргу, канешне, гэта адбываецца з-за глабалізацыі. І, паколькі, скажам, амерыканская культура нашмат больш масавая, чым беларуская, то наткнуцца на амерыканскі кантэнт у тым жа сеціве ў разы прасцей, чым на беларускі. Каб знайсці амерыканскі фільм на любую цікавую вам тэматыку, дастаткова адкрыць першую спасылку ў пошукавіку. Але калі вам патрэбны фільм беларускай вытворчасці, то прыйдзецца добра пашукаць, і не факт, што гэтыя пошукі акажуцца паспяховымі, паколькі калі такі фільм і быў калісьці зняты, то праз адсутнасць попыту і інтарэсу ён можа быць нават не заліты ў сеціва. Рашэнне праблемы відавочна: пачынаць больш актыўнае распаўсюджванне свайго, беларускага, кантэнту і павялічваць такім чынам колькасць зацікаўленых людзей. Многія падлеткі зараз карыстаюцца TikTok? Значыць, можна запісваць туды відэа на тэму беларускага кіно, літаратуры, музыкі. Калі рабіць гэта ў дастаткова цікавай манеры, то можна сапраўды прыцягнуць новых людзей. Таксама можна ладзіць паказы беларускіх фільмаў, каб хаця б пазнаёміць з ім людзей. Увогуле неабходна распаўсюджваць творы мастацтва і рабіць іх больш даступнымі.

Другая праблема заключаецца ў тым, што ў беларускім мастацтве вельмі шмат запазычванняў і паўтораў. Арыгінальных твораў даволі мала, часцей за ўсё відавочны ўплыў заходняй культуры. І, канешне, больш цікава пачытаць, паслухаць ці паглядзець нешта арыгінальнае, чым кальку. Выходзіць, варта ствараць нешта, чаго яшчэ не было, што зацікавіць публіку, якую ўжо нерэальна нечым здзівіць, і што прымусіць паглядзець на беларускае мастацтва пад новым вуглом. Патрэбныя людзі, якія прапануюць свае неардынарныя ідэі і пачнуць іх прасоўваць.

І апошняе. Каб выклікаць інтарэс нейкай групы людзей, трэба разумець, што ім трэба і што іх непакоіць. Падлеткі — не выключэнне. Калі вам неабходна зацікавіць падлетка, вы павінны размаўляць з ім на яго мове і разумець ход яго думак, каб, чытаючы кнігу ці гледзячы фільм, ён дзесьці пазнаваў сябе. Канешне, немагчыма дагадзіць адразу ўсім, бо нават аднагодкі могуць мысліць зусім па-рознаму. Але сэнс сапраўднага мастацтва ў тым, каб кожны мог знайсці ў ім нешта, што яму адгукнецца.

Зацікавіць падлеткаў беларускім мастацтвам няцяжка, асабліва цяпер, калі многія пасля нядаўніх падзей пераглядзелі адносіны да сваёй краіны і як ніколі раней адкрытыя для таго, каб даведвацца пра яе больш і паглыбляцца ў яе культуру. Трэба толькі пачаць развіваць гэта, і хутка беларускае мастацтва з чагосьці, вядомага толькі ў самых вузкіх колах, ператворыцца ў масавую і нармальную з’яву.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png