У Гомелі па народным артыкуле 342 будуць судзіць вядомага шоумена

by homieldays

30 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля адбудзецца суд над Зенчанкам Ягорам Андрэевічам. Верагодна, гэта вядомы шоумен і вядоўца, сузаснавальнік арт-цэнтра “Капуста” і ўладальнік банкетнай залі “Вівальдзі”.

Яго абвінавачваюць у парушэнні артыкула 342 ч.1 “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у ім”.

У Гомелі сапраўды ёсць папулярны вядоўца і шоумен Ягор Зенчанка. Ён арганізоўваў і праводзіў розныя мерапрыемствы. Сярод іх – “Найлепшы выпускны”, закрыццё мотасезону на “Палессі”, карпаратывы ў “Чыста піўным рэстаране”. Ягор Зенчанка з’яўляецца найлепшым вядоўцам 2013 паводле версіі прэміі “Nigth Gomel” ад радыё 101.3 FM у Гомелі.

Арт-цэнтр “Капуста”, сузаснавальнікам якога з’яўляецца Ягор Зенчанка, арганізоўваў канцэрты Алены Ваенгі, Льва Лешчанкі, Дні горада Гомеля, фестывалі электроннай музыкі Open air і іншыя.

Дадзеныя, якія мы знайшлі ў адкрытым доступе, даказваюць, што гаворка менавіта пра гэтага чалавека. На бягучы момант, паводле Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, індывідуальны прадпрымальнік Зенчанка Ягор Андрэевіч знаходзіцца ў стадыі спынення дзейнасці.

УНП індывідуальнага прадпрымальніка Зенчанкі Ягора Андрэевіча супадае з УНП, які падаецца на старонках з інфармацыяй пра арт-цэнтр “Капуста” (напрыклад, на сайце relax.by ці на партале vrb.by).

 

Банкетная заля “Вівальдзі”, уладальнікам якой з’яўляецца Ягор Зенчанка, цяпер таксама не працуе.

Сацыяльныя сеткі вядоўцы ў Інстаграме і Фэйсбуку не аднаўляліся са снежня 2023 года.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png