У Германіі памерла вядомая баксёрка Алеся Граф, якая паходзіць з Гомеля

by ZB

Пра смерць Алесі Граф напісала экс-чэмпіёнка свету Рэгіна Хаймльміх: «Я шакаваная і агаломшаная. Ты была не толькі партнёрам па трэніроўках і чэмпіёнам свету, але і сяброўкай. 44 гады – занадта мала, каб сысці. Я гэтага не разумею».

Прычыны смерці пакуль не называюцца.

Алеся «Тыгрыца» Клімовіч з Гомеля

Алеся Граф, у дзявоцтве Клімовіч, нарадзілася ў Гомелі ў 1980 годзе, там жа паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт фізкультуры. Але ўжо ў верасні 1999 года пасля заканчэння першага курсу, яна паехала ў Германію.

Годам пазней яна перасялілася ў Штутгарт. Тады паступіць ёй не ўдалося – падвяло веданне мовы. Але Алеся не вярнулася на радзіму, уладкавалася афіцыянткай і пайшла на падрыхтоўчае аддзяленне.

Беларускія дзяржаўныя СМІ пішуць, што ідэя займацца боксам прыйшла да яе выпадкова: ураджэнка Гомеля ў 2001 годзе прачытала ў газеце інтэрв’ю Рэгіны Хаймліх, якая запрашала ўсіх жадаючых да сябе ў студыю. Упершыню яна заваявала чэмпіёнскі тытул па версіі Сусветнага жаночага баксёрскага саюза ў 2006 годзе. Суперніцы празвалі яе тады Тыгрыцай.

У Германіі яна пабралася шлюбам і пасля гэтага стала Граф, у 2008 года атрымала нямецкае грамадзянства.

Алеся Граф была таксама чэмпіёнкай свету па версіі GBU. Апошні раз яна выходзіла на рынг 19 студзеня 2019 года.

Сямейная драма

Меней вядома, што за жыццём у Гомелі хаваецца сямейная драма. Алеся Клімовіч выхоўвалася ў дзіцячым доме. У 2009 годзе Алеся Клімовіч-Граф заявіла журналістам, што ўсё жыццё марыць знайсці сваю маці.

«Я не трымаю ніякага зла на гэтую жанчыну, напэўна ў яе былі нейкія сур’ёзныя прычыны для таго, каб адмовіцца ад мяне. Мне вельмі хочацца проста паразмаўляць з ёй», – сказала тады Алеся ў размове з нямецкім выданнем Bild.

Я хачу сказаць маці, дадала яна: «Вы можаце ганарыцца сваёй дачкой».

Яна змагла знайсці маці і сястру ў 2014 годзе. Гледзячы па ўсім, гэта адбылося праз перадачу «Чакай мяне» расійскага тэлебачання.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png