У зоне адчужэння гарыць лясная падсцілка, паведаміў кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Руслан Краўчанка.
«Каб не дапусціць распаўсюджвання агню, былі задзейнічаныя падраздзяленні выратавальнікаў і тэхніка», – дадаў Краўчанка.
Яны працуюць на тое, каб лакалізаваць і патушыць пажар. Пажар пачаўся 3 верасня. Па звестках украінскага боку, па стане на сёння радыяцыйны фон знаходзіўся ў межах нормы.
Спраўдзіць сітуацыю з фонам з беларускага боку праблематычна, у сувязі з тым, што сайт радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу не працуе. Звесткі ж на асноўным сайце Белгідрамета не абнаўляліся з канца жніўня.
У сваю чаргу мапа маніторынгу радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя Аб’яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі, куды паступаюць звесткі ў тым ліку з пунктаў у Беларусі, сведчыць пра адсутнасць рэзкага росту ўзроўню радыяцыі за апошнія два дні.