Трэш да 7 лістапада на Гомельшчыне: у некаторых школах нават будуць страляць

by ZB

Мітынг, літаратурныя батлы ды гістарычныя гадзіны ў сельсаветах, высадка дрэваў і нават адкрыццё пуцеправода прымеркавалі, як у савецкія часы, да чырвонай даты.  “Штодзень” сабраў падборку, што трэшовага будзе адбывацца ў Гомелі ў дзень бальшавіцкага перавароту.

Ускладанне кветак да помніка Леніну на 7 лістапада 2017 г. Фота: gomelradio.by

7 лістапада ў Беларусі афіцыйны выходны. І гэта тое, што выратавала школьнікаў ад розных лінеек з вынасам чырвона-зялёнага сцяга і праслухоўваннем афіцыйнага гімна пра “мірных людзей”. А вось нешкольнікам пашанцавала меней. А 10-й раніцы на плошчы Леніна збяруцца працоўныя, прадстаўнікі ўлады, псеўдаграмадскія аб’яднанні і мясцовыя жыхары, каб ускласці кветкі да помніка правадыру кастрычніцкай рэвалюцыі.

Адкрыццё сельмашаўскага пуцеправоду, які быў закрыты ажно 8 месяцаў, а да гэтага некалькі год знаходзіўся ў жаласным стане, таксама прымеркавалі да дня кастрычніцкай рэвалюцыі і назвалі гэта падарункам для гомельцаў. Між іншым, не такі ўжо і падарунак атрымаўся, улічваючы, што ўладальнікі тых жа легкавых аўтамабіляў плацяць як мінімум 95 рублёў у год у якасці падатку на машыны. І гэтыя грошы акурат мусяць ісці на рамонт дарог. Ды і ўвогуле прывядзенне ў належны стан дарог – гэта абавязак мясцовых уладаў. З такім жа поспехам можна мыццё посуду гомельцамі таксама прымеркаваць да 7 лістапада і сказаць, што гэта падарунак уладам.

Але больш за ўсё стараліся ўлады Буда-Кашалёва. Яны адным канцэртам ці мітынгам не абмежаваліся. Тут і інтэрнэт-чэлендж з пафаснай назвай “Землі моей мінувшая судьба”, і тэматычны вечар у пачатковай школе, і чэмпіянат па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ў сярэдняй школе, і завяршаецца ўсё гэта мітынгам “Прошлое всегда с намі”.

А вось у Мазырскім педуніверсітэце забілі адным стрэлам двух зайцаў: і пра кастрычніцкую рэвалюцыі пагаварылі, і пра Усебеларускі народны сход.

А ў ДК “Чыгуначнікаў” у Гомелі мерапрыемства пройдзе з размахам, праўда, у канцы месяца. Там будзе цэлы канцэрт пад назвай “Назад у СССР. Пад знакам якасці”. Арганізатары абяцаюць атмасферу савецкага часу і пачуццё настальгіі. Спадзяемся, падчас канцэрту арыштоўваць і адпраўляць на працы на Беламорканал не будуць .

 

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png