Іерэй Аляксандр Ткачэнка, клірык храма святога Аляксандра Неўскага ў Рагачове, выступіў перад вучнямі ваенна-патрыятычнага класа школы №5.
Хаця Беларусь мае багатую гісторыю і мноства рэлігійных і культурных дзеячаў, якія маглі б служыць прыкладам для моладзі, але ніводнага беларуса ў гэтай лекцыі месца не знайшлося. Святар распавёў пра Ілью Мурамца, адмірала Фёдара Ушакова і палкаводца Аляксандра Суворава — усе гэтыя асобы важныя выключна для расіянаў.
Сувораў да таго ўдзельнічаў у карных дзеяннях у Беларусі пасля паўстання Касцюшкі ў 18 стагоддзі. Але пры гэтым Беларуская праваслаўная царква рэгулярна папулярызуе гэтую асобу ў Беларусі.
Неадназначна таксама ўспрымаецца і фігура адмірала Фёдара Ушакова. Яго шанаванне ў Рускай Праваслаўнай Царкве звязана перш за ўсё з вайсковымі заслугамі, таму сама кананізацыя ваеначальніка застаецца прадметам дыскусій сярод гісторыкаў і багасловаў, паведамляе “Хрысціянская візія”.