Спецпраект-1

«Мы так жыць не жадаем і не будзем! Хто за страйк?»: як Гомель баставаў 35 год таму і пры чым тут Чарнобыль

Як у Гомелі 35 год таму праходзілі страйкі, і чым яны адрозніваліся ад пазнейшых, у чым іх важнасць і сэнс – пра гэта серыя матэрыялаў у спецпраекце «Штодня» «Гісторыі антысавецкага супраціву ў Гомелі (1953-1991)».

Распавядае Яўген Мурашка, які быў кіраўніком прафсаюза цэха на «Гомсельмашы» і стаяў у вытокаў пратэстаў канца 1980-ых – пачатку 1990-ых гадоў. Пазней праз палітычна матываваны пераслед, крымінальную справу ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і цяпер жыве ў Нямеччыне.

Яўген Мурашка падчас страйку працоўнага калектыва Кавальска-прэсавага цэха ВА “Гомсельмаш” ( 26-га сакавіка 1990г.) Фота: vytoki.net

Калі казаць пра пачатак нейкіх зрухаў, актыўнасці ў грамадстве, то гэта пачалося на тэме Чарнобыля. У 1986 годзе адбылася трагедыя. Наконт яе была толькі маленькая публікацыя ў «Известиях». Там было сказана, што адбылася аварыя. Пасля гады маўчання, мы жылі і нічога не ведалі.

Пасля, дзякуючы таму, што шведскія атамныя энергетыкі заўважылі падвышэнне радыяцыйнага фону і забілі трывогу, сталі правяраць свае атамныя станцыі, высветлілася, што яны добра працуюць, ніякай уцечкі няма. Тады ўспомнілі пра тое, што адбылося ў саюзе. У той жа момант і стала зразумела, што хаваць няма чаго і не схаваеш. Тады грамадства даведалася.

Чаму Швецыя? Чарнобыльскае воблака, якое ішло на Маскву, яно зрабіла віток на Беларусь, пайшло ў бок Еўропы, дайшло да Вялікабрытаніі, а адтуль да Скандынавіі. Вось такі быў зігзаг. А тыя аблокі, што ішлі на Маскву пасадзілі і забрудзілі нашу Гомельскую вобласць, дзве траціны ад яе.

Калі казаць пра захады ўрада ў той момант, то спробы нешта рабіць былі. Была звярстаная праграма па ліквідацыі наступстваў. Але пачыналася праграма ад 5 кюры, а ў Гомелі быў узровень іншы: на Сельмашы было 2,5 кюры, Цэнтральны раён – 1,5, Валатава – 3,5 і самая чыстая была Навабеліца.

Тады Гомель у чарнобыльскую праграму не патрапіў. У мяне заканамерна ўзнікла пытанне, як так? Вакол нас Хойнікі, Нароўля, Брагін – усе яны забруджаныя. Нароўля – 21 кюры, 40 – у Хойніках, у Брагіне было 20 кюры.

Хойніцкі лес ішоў на Навабеліцкую мэблевую фабрыку, запалкі рабілі з радыяцыйнага лесу. Я працаваў на «Гомсельмашы», 2/3 працаўнікоў былі з вёсак, якія ездзілі дадому ў забруджаныя раёны, адтуль везлі прадукты радыяцыйныя. На колах машын радыяцыя сунулася ў Гомель. Таму ён не мог быць па логіцы чыстым.

У 1989 годзе, сыходзячы з гэтай высновы, я пачаў пісаць пад капірку на лісце паперы патрабаванні да ўладаў Гомеля, Беларусі і саюза, звярнуць увагу і ўключыць Гомель у гэтую праграму. Гэта пачатак дзейнасці ў Гомелі.

У тым жа годзе на «Гомсельмашы» на адной на канферэнцый я выйшаў на трыбуну і зачытаў свае патрабаванні. Калі я сказаў, што будзем дамагацца патрабаванняў нават праз страйк, мяне абсвісталі, сагналі з трыбуны і не дапусцілі да мікрафона.

У пачатку 1990-га я паўтарыў. Вынік быў той жа. З гэтымі патрабаваннямі я пайшоў у прафсаюз «Гомсельмаша», тады Бухвостаў (Аляксандр Бухвостаў, старшыня сучаснага ліквідаванага Свабоднага прафсаюза металістаў, прым.) быў старшынём прафкама. Хацеў ім уручыць гэтыя свае патрабаванні. А мне сказалі: «Можаш схадзіць з імі ў прыбіральню». Такі быў адказ нашых прафсаюзаў.

Тады я стаў рыхтаваць страйк. Свайго цэху, кавальска-прэсавага на «Гомсельмашы», дзе я працаваў. Гэта 250 чалавек. Гэтая падрыхтоўка заняла са снежня да сакавіка – тры месяцы. Я сам быў гатовы, але трэба было, каб людзі падтрымалі. Размаўляў з кожным, тлумачыў, чаму трэба пратэставаць, чаму трэба было патрабаваць.

Мітынг на Гомсельмашы. Фота: vytoki.net
Рабочыя "Гомсельмашу" патрабуюць ад ураду дзеянняў па абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Фота: vytoki.net

На той момант зацікаўленасць была ў мяне асабістая ведаць пра радыяцыю як мага больш. Я ўжо трохі быў падкаваны з медыцынскага боку, ведаў пра наступствы радыяцыі, разумеў, што гэта вельмі небяспечная з’ява.

Людзям пра гэта растлумачыў, знайшоў паразуменне. І ўжо 26 сакавіка правёў страйк кавальска-прэсавага цэха на «Гомсельмашы». Гэта быў 1990-ы год.

 

У пачатку красавіка ў маім актыве было ўжо больш за 15 цэхаў на заводзе, якія гатовыя былі падтрымаць. Прафсаюз на чале з Бухвоставым выступіў з заявай, дзе адзначылі, што назіраецца рух у працоўных калектывах, пратэсты, на тле гэтага прафсаюзы не могуць быць у баку і прынялі рашэнне ўзначаліць гэты рух.

Сітуацыя змянілася карэнным чынам за кароткі час. Я быў тады старшынём прафсаюзнага камітэта цэха. Кожны аўторак у нас быў семінар, каштоўныя ўказанні давалі, як жыць. І Бухвостаў казаў: «Трэба план выконваць, а Мурашка тут займаецца страйкамі». 14-га сакавіка ён мяне шальмаваў, а ў 20-ых чыслах яны вырашылі ўзначаліць, бо пабачылі, што працэс пайшоў без іх.


Далей быў страйк «Гомсельмаша». Гэта 37 тысяч удзельнікаў. Плюс станкабудаўнічы завод Кірава, аб’яднанне «Луч». 26 красавіка правялі гэты страйк.


Адтуль выйшлі з ініцыятывай правядзення марша «За выжыванне» на Маскву. Гэта было ўжо ў ліпені. Мы прымусілі тады ўрад Рыжкова (Мікалая Рыжкова, кіраўніка Савета міністраў СССР) сесці з намі за стол перамоваў. Мы дабіліся, што Гомельская вобласць і Гомель канкрэтна ўключаецца ў праграму. Былі распрацаваны планы, хто і што павінен канкрэтна рабіць. Праграма павінна была забяспечыць больш-менш цывілізаванае жыццё ў забруджаных раёнах.


1 жніўня мы на Ланге, 17 правялі перамовы, падпісалі пратакол, і ён павінны быў запрацаваць. Але тут разваліўся саюз. Усе абавязацельствы былі пах*раны, бо там павінныя былі рабіць справу саюзныя міністэрствы. Прыйшоў да ўлады Лукашэнка і ўсё астатняе загубіў, адмяніў усё тое, што мы дамагліся.

Але калі мы селі за стол урада саюза – прадстаўнікі страйкавых камітэтаў працоўных калектываў прымусілі саюзны ўрад іх выслухаць і падпісаць – гэта быў унікальны вынік.


Што характэрна, колькі я ў інфармацыйнай прасторы ні назіраў інфармацыю пра падзеі 1990-га года, пра Гомель ніхто не кажа. Заўсёды ўсё пачынаецца з 1991-га года ў Мінску. У Мінску было ўсё, а ў Гомелі, падавалася б, нічога і не было. Але насамрэч з Гомеля пайшлі страйкі, з «Гомсельмаша». Гэта слаўная наша гісторыя.

Працяг будзе…

Штодзень

Фота: грамадскі вэб-архіў vytoki.net

Матэрыялы