У Threads гамяльчанін паскардзіўся на колькасць солі на дарозе пры выездзе з Новабеліцы ў бок Бярозак. У каментарах занепакоіліся наступствамі для прыдарожнай расліннасці. “Штодзень” разабраўся, чым можа пагражаць празмернае выкарыстанне супрацьгалалёдных рэагентаў і чаму дарогі часам апрацоўваюць яшчэ да снегу.
”Гомель. Дарожнікі, а ўсё нармальна ў вас?! Ужо такая колькасць солі, асабліва ў той час, калі яшчэ няма снегу”, — напісаў карыстальнік.
На пытанне пра месца ён удакладніў: “Як з Беліцы на Бярозкі выязджаеш”. “Каб апошняя трава памерла ўздоўж дарог”, — адрэагавала адна з каментатарак.
Чаму соль могуць выкарыстоўваць без снегу
Адсутнасць снегу сама па сабе не азначае, што апрацоўка непатрэбная. Рэагенты могуць наносіць загадзя, каб прадухіліць утварэнне галалёду або трывалае счапленне лёду з пакрыццём. Рашэнне залежыць ад прагнозу, тэмпературы самой дарогі, яе вільготнасці і іншых умоў. Таму галоўнае пытанне, ці адпавядаюць склад, доза і час апрацоўкі рэальным умовам.
Што пагражае раслінам, глебе і вадзе
Калі для апрацоўкі выкарыстоўваюць хларыдныя солі, іх лішак можа шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Рэагент не застаецца толькі на асфальце: з пырскамі ад машын, дажджавой і адталай вадой ён трапляе на ўзбочыны, у глебу і вадаёмы. Соль можа пашкоджваць дрэвы і іншую расліннасць як пры непасрэдным кантакце, так і праз каранёвую сістэму. Яна таксама ўплывае на глебавыя мікраарганізмы. Наступствы залежаць ад канцэнтрацыі, працягласці ўздзеяння і ўстойлівасці канкрэтных відаў раслін. Засаленне можа пагаршаць здольнасць глебы ўтрымліваць ваду і пажыўныя рэчывы, павялічваць рызыку эрозіі. Высокія канцэнтрацыі хларыдаў небяспечныя для прэснаводных рыб, бесхрыбтовых і земнаводных. Хларыды таксама могуць трапляць у падземныя воды.
У матэрыяле “Іржавыя” хмызнякі замест каштанаў: як цэнтр Гомеля перастаў быць зялёным” мы звярталі ўвагу на вялікае выкарыстанне соляў для зімовай пасыпкі як адзін з фактараў аслаблення гарадской расліннасці. Захаванне дрэў патрабуе ўлічваць нагрузку, якую яны атрымліваюць каля дарог.