З нагоды 1 красавіка сабралі для вас творы беларускіх аўтараў, якія дакладна паднімуць настрой сваім гумарам і сатырай.
Спойлер: Кандрат Крапіва сёння адпачывае
“Запіскі Самсона Самасуя”
Сатырычны раман беларускага пісьменьніка Андрэя Мрыя, напісаны ў 1929 року. Тэкст напісаны ад асобы загадчыка культаддзелу райвыканкаму Самсона Самасуя – чалавека, чыя поўная некампетэнтнасць кампенсуецца бурнай і нястрымнай “дзейнасцю” ў галіне арганізацыі культуры. Самасуй ладзіць абсурдныя мерапрыемствы, намагаючыся ў найхутчэйшы тэрмін “узьняць узровень культуры”.
“У 20 годзе я быў прадагэнтам. Прыяжджаю ў Гомель, і на кажным кроку мне анкеты запаўняць даюць. Хто мой бацька, хто мая матка, што яны рабілі да рэвалюцыі і пасьля яе, ці была ў мяне маёмасьць, і калі была, дык куды яна дзелася? Да 300 запытаньняў было ў той анкеце, якую падсунулі мне ў заежджым доме No.3. На мяне ўсьсеў д’ябал нейкі. Думаю: дай-жа я пажартую зь імі, пагляджу, што зь іх будзе.
Пішу: да рэвалюцыі быў буйным земляўласьнікам, меў 300 000 акраў чарназёму, быў сакратаром пасольства ў Лёндане. І шмат яшчэ чаго нахлусіў.
Яны, галубчыкі, і сцапалі мяне. Пасадзілі ў блыхарню і трымалі там, пакуль добра высьветлілі, што я ніякім буйным земляўласьнікам ня быў.
Выпусьцілі мяне, але кар’ера мая была сапсавана, і я доўга ня мог знайсьці сабе месца, якое адпавядала-б маім здольнасьцям. Праз год я знайшоў сабе пасаду, і пра гэта будуць гаварыць мае запіскі.”
“Тарас на Парнасе”
Сатырычна-гумарыстычная паэма Канстанціна Вераніцына. Гісторыя пра палясоўшчыка Тараса, які замест пушчы трапляе на Парнас — да багоў і паэтаў, вельмі падобных на звычайных людзей. У іх — застоллі, жарты і зусім “нябоская” атмасфера.
З насадкі ў чаркі так і льюць!
Падпіўшы, песьні запявалі
Ну, як у рандзе, ўсе пяюць.
Бах сьп’яну пеў такі прыпеўкі,
Што аж ня можна гаварыць,
Аж засароміліся дзеўкі,
Так стаў ён брыдка развадзіць.
А Зеўс тым часам насьцябаўся,
Што носам чуць зямлю ня рыў, –
Ён вочы плюшчыў і ківаўся
Ды быццам нешта гаварыў.
“Энеіда навыварат”
Парадыйна-сатырычная паэма, адзін з першых твораў беларускай літаратуры новага часу. Верагодным аўтарам паэмы лічыцца Вікенцій Равінскі.
Напісана пасля 1812 і не пазней пачатку 1830-х г. Дайшоў толькі ўрывак з паэмы.
“О, цар-царэвіч, тат Нептун!
Не буду прад табой брахці,
Змілуйся, мора ты зміры.
Картузнай я прышлю цяртухі,
Сударскай моцнае сівухі,
А грошы з тайстры сам бяры!”
Нептун на грошы меў ахвоту,
Гарэлку добра ён сцябаў,
Пачуў, што будзе за работу,
На ветраў строга закрычаў”
Творы Ядвігіна Ш
Сапраўднае прозвішча Антон Іванавіч Лявіцкі – беларускі празаік, фельетаніст, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы. Першыя апавяданні пісьменніка можна разглядаць як творчыя перапрацоўкі і інтэрпрэтацыі народнага гумару — жартаў, анекдотаў, гутарак і казак. Яны нагадваюць байкі ў прозе і вызначаюцца выразнай сатырычнай накіраванасцю.
У гумарыстычных навелах “Вучоны бык”, “З маленькім білецікам”, “Пазыка”, “Заморскі звер”, “Цырк” героі — звычайна сяляне — трапляюць у камічныя і нярэдка абсурдныя сітуацыі гарадскога жыцця.
“Ці здарылася вам, браткі мае, ехаць на чыгунцы? Не? Ну і дзякуйце Богу! Мне бо давялося раз — няхай яна згарыць: чуць-чуць даехаў!”
“Сказ пра Лысую гару”
Паэма Ніла Гілевіча. Доўгі час існавала пад псеўданімам Францішка Ведзьмака-Лысагорскага. Гэта сатырычны і гратэскавы твор, які стаў адным з самых папулярных паэтычных тэкстаў у Беларусі.
Наш век наогул вельмі тлумны,
Мы з гэтым звыкліся даўно:
Футбол, і бокс, і джаз бяздумны,
І п’янкі з сексам заадно.
Але такога крыку-гвалту,
Што цэлы дзень хістаў той дом,
Дзе не сабраў касцей гаўляйтар, –
Не чулі ў Мінску шмат гадоў.
І напрыканцы — народны гумар
Анекдоты і жарты народнай прозы, узятыя з кнігі “Жарты, анекдоты, гумарэскі”, якую выпусціў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук у 1984 годзе.
Даведка. Назва “анекдот” паходзіць ад грэчаскага слова avendoτo (anekdotos), што абазначае неапублікаваны. Змест гэтага тэрміна з часам змяняўся: да палавіны ХІХ ст. пад анекдотам разумелі кароткае камічнае апавяданне пра смешны выпадак з жыцця вядомага гістарычнага дзеяча. Пазней значэнне тэрміна пашырылася анекдотам сталі называць невялікае вуснае апавяданне.
“Хоць мовы не забыўся, а то Зоська пабыла з месяц у горадзе, прыехала, то ўжо не кажа гузік, а пугалавіца.”
Старшыня з пісарам, забраўшы за падаткі падсвінка ў адной кабеціны, каторая была другі раз замужам, так запісалі ў пратако-ле: “Забралі ў Марысі С. за падаткі падсвінка з першага замужаства”.
ЧЫМ ЧАСТУЮЦЬ НЯПРОШАНАГА ГОСЦЯ
Няпрошаны госць просіцца ў госці: Пазаві мяне ў госці.
Прыходзь.
А чым пачастуеш?
Чым вароты падпіраюць.
У СУДЗЕ
Суддзя (да сведкі). Ці вы чулі, як гэты чалавек назваў абвініцеля малпай?
Сведка. Прызнацца, то я гэтага і не чуў. Але (глянуўшы на абвініцеля) думаю, што калі ён гэтак і сказаў, дык не абмыліўся.
У НАТАРЫУСА
Дармо вы з сабой сведку прывялі… Сведкі ў нас у канторы заўсёды ёсць…
— Так, але яны мяне мо’ і не знаюць?
Знаюць! У нас такія сведкі, што ўсіх павінны знаць.