HomelDays_Logo_Main-mobil

Скарга, звальненне і новая праца: як Гомель абмяркоўваў канфлікт вакол папулярнай педыятаркі

Гомельскі Threads некалькі дзён абмяркоўвае гісторыю маці маленькага пацыента і педыятаркі Анастасіі Дзераўковай, вядомай у сацсетках як @sprosi_u_pediatra. Допіс маці Дар’і Пісарэнкі сабраў больш за 170 тысяч праглядаў.

Маці распавяла, што дзіця паскардзілася на боль у назе і не магло на яе наступаць. У прыёмным аддзяленні яму паставілі дыягназ, прызначылі лячэнне і накіравалі ў паліклініку. Паводле версіі жанчыны, падчас наступнага прыёму ўчастковая педыятарка не вывучыла картку дзіцяці і не разабралася з аналізамі, а пытанне пра працягласць прыёму антыбіётыка і дазіроўку вырашалася ўжо ў размове.

”Врач даже не подумала изучить карточку ребенка и осмотреть его”, — напісала аўтарка. Яна таксама сцвярджае, што атрымала недафармлены бальнічны ліст і мусіла вяртацца ў паліклініку, каб паставіць подпіс і пячатку.

Калі жанчына звярнулася да загадчыцы, тая, паводле яе словаў, адказала: “Ничего она сделать не может, так как этот врач уже уволен и дорабатывает последний день”. Адпаведна, няма падстаў сцвярджаць, што лекарку звольнілі менавіта праз скаргу маці. Наадварот, з допісу вынікае, што рашэнне пра звальненне ўжо было прынятае, а канфлікт адбыўся ў апошні працоўны дзень.

Увечары, як сцвярджае аўтарка, педыятарка апублікавала ў сваім Instagram уласны аповед пра сітуацыю — пра эмацыйны прыём і вялікую колькасць пацыентаў. Маці ўспрыняла гэта як публічнае прыніжэнне і скажэнне фактаў: “Почему, волнуясь за здоровье ребенка, должна быть потом унижена врачом его не соответствующим действительности словам на всеобщее обозрение?”

У каментарах, аднак, на абарону лекаркі Анастасіі Дзераўковай масава выступілі яе пацыенты і падпісчыкі. Адна з карыстальніц назвала яе “выдатным лекарам”, а іншая напісала: “Врач не робот, у него есть чувства и эмоции”. Жанчына, якая назвала сябе выпадковай сведкай сваркі, сцвярджае, што маці размаўляла з доктаркай на падвышаных тонах, а саму педыятарку ведае як добрага ўчастковага спецыяліста.

Але былі і тыя, хто не пагадзіўся з логікай “калі доктар стаміўся, пытацца нельга”. “Посмотрела бы я на всех тут защитников, если бы вашему ребенку сделали неправильное назначение и отмахнулись, сославшись на усталость”, — адказала адна з каментатарак. Гэта, бадай, галоўны нерв дыскусіі.

Праца без доўгай паўзы для педыятаркі, зрэшты, знайшлася.

На сайце гомельскага медыцынскага цэнтра “Дзіцячы доктар” ужо размешчаны профіль Анастасіі Аляксандраўны Дзераўковай; да яе можна запісацца на прыём. Там пазначана, што яна спецыялізуецца на агульнай педыятрыі і прытрымліваецца прынцыпаў доказнай медыцыны.

Штодзень

 

Слайдар пастоў