У адказ на бурлівыя змены, што адбываюцца ў гарадскім асяроддзі, і няўмольную ўрбанізацыю, усё часцей мясцовыя ўлады ў розных краінах і рэгіёнах вымушаны ўводзіць пэўныя забароны, каб населены пункт заставаўся камфортным для жыцця. Абмежаванні могуць тычыцца самых розных рэчаў, такіх як лімітаванне колькасці турыстаў ці забарона электрасамакатаў. Хапае і абмежаванняў адносна тэхналогій, што выкарыстоўваюцца ў будаўнічай галіне. Што варта было б забараніць у Гомелі, каб наш горад стаў больш утульным і прыгожым? Прапануем адмысловы спіс ад “Штодня”.
- ТАННЫЯ ВЕНТФАСАДЫ
Плітамі з керамаграніта ў Гомелі “аздоблена” каласальная частка будынкаў. Яны паўсюль, ад невялічкіх крам на месцы пераведзеных у нежылы фонд кватэр да вялікіх новых офісных будынкаў. Папулярнасць гэтага матэрыялу тлумачыцца лёгка: танней, чым рабіць паўнавартасны рамонт фасада; лёгкі мантаж у любое надвор’е; дадатковае ацяпленне будынка і г.д.
Тэхналогія вентфасадаў не новая. Упершыню нешта падобнае было апрабавана яшчэ Ле Карбюзье ў 1916 годзе. Не грэбуюць вентыліруемымі фасадамі і сучасныя вядомыя архітэктары. Напрыклад, Норман Фостэр ужыў гэтую тэхналогію на лонданскім будынку, вядомым як “гурок” і ў іншых сваіх праектах.
Што не так з гомельскімі вентфасадамі? Гэтая тэхналогія дазваляе выкарыстоўваць самыя разнастайныя матэрыялы, высакаякасныя, з выразнымі фактурамі. Вентфасадам можна надаць будынку непаўторны выгляд з яскравым дызайнам. Калі не эканоміць і аддаваць перавагу добрым матэрыялам. У Гомелі ж выкарыстоўваецца выключна танны керамаграніт, ніякаваты па выглядзе. Псуюць эстэтыку і металічныя кляймеры (крапежныя элементы), што бачныя звонку (яны чымсьці нагадваюць пластыкавыя крыжыкі, якія невук-рамонтнік забыўся выкінуць пасля таго, як паклаў кафлю). Усе будынкі з таннымі вентфасадамі пазбаўлены эстэтыкі, выразнасці і аўтэнтычнасці.
- БЕЖАВА-ЖОЎТАЯ АФАРБОЎКА ФАСАДАЎ
Колер адыгрывае істотную ролю ў фармаванні гарадской прасторы і дызайне. Праз колер можна ўплываць на настрой, эмоцыі і самаадчуванне. Зарадзіцца пазітывам ад колераў можна падчас шпацыру сярод драўлянай гомельскай забудовы (на жаль, хутка і тут разнастайнасць у афарбоўцы знізнікне пад прымітыўным сайдынгам). Гістарычны ж цэнтр горада, замест яскравай інстаграмнасці камяніц, у асноўным прапануе безэмацыянальную бежавасць. Складваецца ўражанне, што рашэнні аб выбары фарбы прымаюць не архітэктары ці дызайнеры, а бухгалтары, якія набываюць па тэндары самае танюткае – ніякаватыя фарбы, якія нікому не былі патрэбныя і заляжаліся недзе на складзе.
Гомелю, на жаль, засталася невялікая архітэктурна-гістарычная спадчына. Шкада, што такі сродак надання ёй большай выразнасці і адметнасці, як колер, у горадзе амаль не выкарыстоўваецца.
- ХРАМАВАНЫЯ ПАРЭНЧЫ
Сістэмы з храмаваных труб дазваляюць хутка і проста ўзвесці агароджу ці каркас для чагосьці. Таму для часовых канструкцый, напрыклад, мабільных інфармацыйных стэндаў, яны надаюцца ідэальна. Але архітэктурныя элементы павінны быць не толькі функцыянальнымі, але і эстэтычна выразнымі. А гэтага храмаваным трубам бракуе.
- ПАЛІКАРБАНАТ
Полікарбанат бывае розны. І тутака мы маем праблему, аналагічную выкарыстанню вентфасадаў – ужыванне самай таннай версіі, якая не можа пахваліцца ні добрым знешнім выглядам, ні якасцю. На шчасце, бум ганкаў з полікарбаната, знаецца, застаўся ў 2000-х, калі было ўражанне, што іншага матэрыялу не існуе. Але яшчэ і сёння хапае недарэчных прыкладаў яго выкарыстання.
Напрыклад, у канструкцыях прыпынкаў грамадскага транспарту. Мала таго, што прыгожымі канструкцыі не назавеш. Танюткі матэрыял практычна ад самага ўзвядзення дрэнна выглядае і доўга не праслужыць. Нават пра выкарыстанні ў якасці пакрыцця цяпліцы тэрмін эксплуатацыі самага таннага полікарбаната будзе толькі некалькі год. А ў даволі агрэсіўных умовах гарадскога асяроддзя (не кажам пра вандалаў) і таго менш.
- САМАСТОЙНАЕ АШКЛЕННЕ БАЛКОНАЎ
Нават самы крытыкуемы тып забудовы на постсавецкай прасторы – гэтак званыя хрушчоўкі – мог бы выглядаць куды больш прэзентабельна, калі б атрымалася захаваць яго ў першапачатковым выглядзе. Пры бясспрэчных хібах праектаў тых гадоў – малых ці прахадных памяшканнях, нізкай гукаізаляцыі – вонкавы выгляд будынкаў быў гарманічны па прапорцыях і спалучэнні шчырасці шэрага бетону з візуальна лёгкімі канструкцыямі балконаў. Самавольнае, без усялякіх праектаў, ашкленне зрабіла дамы безгустоўна стракатымі, зруйнавала гармонію ліній і абрысаў. Дадайма наступствы капрамонтаў, дзе дэфіцыт сродкаў дамінуе над логікай і густам, з-за чаго фасады больш падобныя на кітайскія танныя пластыкавыя цацкі, чым на архітэктуру.
Розніца ў знешнім выглядзе добра бачная, калі параўнаць сярэднестатыстычны дом-кібітку з такімі ж будынкамі па вуліцы Працоўнай, дзе падчас капрамонту самавольнае ашкленне было прымусова дэмантавана. Канешне, гэта нельга назваць сучаснай рэнавацыяй, але, пагадзіцеся, ісці паміж гэтымі пяціпавярховікамі куды прыемней, чым ля іх “калег” у іншых раёнах Гомеля.
Канешне, гэта далёка не поўны спіс таго, чаго не павінна быць у гомельскай урбаністыцы. Мы не закраналі пытанні кшталту дамоў без падземных гаражоў ці абмежавання бясплатнай паркоўкі ў цэнтры горада, бо гэта вымагае сур’ёзных крокаў у рэарганізацыі гарадскога асяроддзя. Тут разгледжана толькі тое, што цалкам рэальна змяніць ужо сёння.