Рускі дом у Гомелі пахваліўся тым, што адправіў у Расею чарговую партыю ўдзельнікаў сваёй прапагандысцкай праграмы “Новае пакаленне”. На міжнародны форум у Сібір паехалі і дзве прадстаўніцы “Гомельскага завода ліцця і нармаляў” (ЗЛіН) — Алла Музыка і Ганна Мігун. У допісе іх пазначылі “спецыялісткамі па ідэалагічнай і інфармацыйнай працы” прадпрыемства.

Завод ЗЛІН пасля 2020 года атрымаў сумную вядомасць як месца з жорсткай рэпрэсіўнай атмасферай. Ягоныя супрацоўнікі неаднаразова распавядалі пра ціск, прымус да ўдзелу ў палітычных кампаніях і татальны кантроль. Звальненні па палітычных матывах – таксама тыповая з’ява для ЗЛіН. Афіцыйны тг-канал прадпрыемства нагадвае па стылі прапагандысцкія рэсурсы сілавікоў: ён вядомы нецярпімасцю да іншадумцаў, запалохваннямі чытачоў за падпіскі на “экстрэмісцкія” каналы і ўсхваленнем рэжыму.
Мы праверылі — сапраўды, гэтыя асобы працуюць на заводзе. Напрыклад, так распавядалася ў тг-канале прадпрыемства пра ўдзельніцу паездкі ў РФ Ганну Мігун: “Ведущий специалист ОИР Анна Мигун подробно рассказала о деятельности Молодежного совета и Волонтерского отряда ОАО „ГЗЛиН“.
Ганна Мігун на афіцыйным мерапрыемства ЗЛіН. Фота: тг-канал ЗЛіН
Цяпер стала відавочна, хто стаіць за стварэннем таксічнага кантэнту. Удзельніцы “праграмы” фактычна самі рассакрэцілі сябе — дзякуючы пахвальбе гомельскага Рускага дома.