У гэтым годзе без пропуску заехаць на адселеныя чарнобыльскія тэрыторыі можна будзе з 18 па 21 красавіка. Улады чакаюць наплыў людзей у сувязі з жаданнем наведаць могілкі на Радуніцу.
“Для наведвання месцаў пахавання грамадзянам неабходна мець пры сабе пашпарт і дакументы на транспартны сродак, калі вы едзеце на машыне”, — паведаміў нараўлянскай раёнцы галоўны спецыяліст аддзела каардынацыі дзейнасці на пацярпелых тэрыторыях Аляксандр Курыла.
Перад заездам будуць даваць інструкцыі, як выконваць меры радыяцыйнай і пажарнай бяспекі, пералічаць усіх пасажыраў.
Знаходзячыся на забруджаных тэрыторыях, важна прытрымлівацца элементарных правілаў радыяцыйнай бяспекі. Падчас дагляду пахаванняў варта выкарыстоўваць марлевыя павязкі, гумовыя пальчаткі, зменны абутак. А пасля заканчэння работ верхняе адзенне трэба старанна абтрэсці, адкрытыя часткі цела вымыць прывезенай з сабой вадой. Смецце, якое ўтварылася пасля ўборкі могілак, неабходна складваць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах.
Пад строгай забаронай — распальванне вогнішчаў і выпальванне сухой расліннасці.
У гэтым годзе з наведваннем могілак будзе больш жорстка. Перад усім гэта тычыцца прымежнай з Украінай тэрыторыі: Белая Сарока, Хаткі, Хутар Лес, Барвічы можна будзе наведаць два дні — 19 і 21 красавіка з 10.00 да 15.00. Заехаць да Дубровы, Акопаў, Ціхіна, Ясенка можна будзе толькі праз КПП «Міхайлаўка» і адселены населены пункт Углы, да Гамарні — праз КПП «Цяшкоў».
Будуць працаваць два аўтобусных маршруты: 19 красавіка па маршруце Нароўля (дом культуры) — Углы, з адпраўленнем з Нароўлі ў 8.00, назад не раней за 17.00; 19 і 21 красавіка па маршруце Нароўля (дом культуры) — Доўляды (праз Дзярновічы), з адпраўленнем з Нароўлі ў 8.00, назад не раней за 17.00.
Чытайце таксама