Андрэй Бардухаеў-Арол — акцёр, актывіст і голас, які многія беларусы пазнавалі па незалежных навінах і расследаваннях. Да апошняга часу ён працягваў граць ролі, супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, удзельнічаў у жыцці беларускай супольнасці. 5 ліпеня ягонае сэрца спынілася.

Ягоная жонка, Алеся Бардухаева-Арол, распавядае:
“З самага пачатку мы ведалі, што хочам развітацца па-нашаму: з адпяваннем, з сапраўднай царкоўнай службай, з цёплым, жывым развітаннем. І мы гэта зрабілі”.
Але пахаванне ў іншай краіне апынулася звязаным з вялікімі выдаткамі. Агульная сума склала каля €5000 — гэта крэмацыя, месца ў калумбарыі, транспарт, кветкі і памінальны абед. Дзякуючы сябрам і супольнасці атрымалася сабраць прыкладна €2800.
Сёння сям’і неабходна яшчэ каля €2000, каб цалкам закрыць усе выдаткі.
Каманда сяброў і блізкіх Андрэя працягвае збор сродкаў і заклікае ўсіх неабыякавых далучыцца. Кожны ўнёсак важны і дапамагае сям’і прайсці гэты цяжкі час.
Важна: пералічаць грошы з беларускіх і расійскіх картак нельга
Збор арганізаваны праз BYSOL — фонд, які ў Беларусі прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім». Таму з беларускіх і расійскіх картак пераводзіць грошы не варта. Але ўсе, хто мае магчымасць, могуць дапамагчы праз еўрапейскія або іншыя міжнародныя спосабы аплаты.