Мова Гомель прапануе глянуць на найбольш значныя аб’екты, створаныя дзякуючы руплівай працы таленавітага архітэктара Джона Кларка.
Даведка: Запрасіў у Гомель таленавітага архітэктара граф Мікалай Румянцаў, які, атрымаўшы ў спадчыну Гомельскі палац, вырашыў заняцца яго перабудовай. На той час у Расейскай імперыі была распаўсюджаная практыка запрашэння іншаземных майстроў, якія мелі тэхнічныя веды і валодалі найноўшымі тэхналогіямі і метадамі. Відавочна, што граф Румянцаў высока цаніў працу Кларка. Падчас рэканструкцыі Гомельскага палаца ён пісаў у маёнтак: “Скажыце Кларку, што я ім бязмерна задаволены, што збіраюся да яго пісаць і даслаць яму самага лепшага агліцкага сукна на фрак”. Архітэктар пражыў у Гомелі меркавана з 1799 па 1826 гады, меў сям’ю, а пазней у горадзе жыла ўдава майстра.
- Петрапаўлаўскі сабор – грандыёзная праца Джона Кларка ў Гомелі
Гэтае культавае збудаванне месціцца ў парку на высокім мысе над Сожам і ўваходзіць у Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, з’яўляецца яскравым прыкладамі класіцызму ў беларускай архітэктуры. Сабор паўставаў у 1809 – 1819 гадах як манументальны і велічны будынак, бакавы фасад якога выходзіў на цэнтральную плошчу і быў яе адной з галоўных дамінантаў. Граф Румянцаў хацеў бачыць велічную пабудову, не горшую за саборы ў Пецярбургу і Парыжы.
У выніку паўстаў крыжова-купальны храм, з прыгожым царкоўным аздабленнем, у якім захоўваліся часцінкі мошчаў Мікалая Цудатворцы і Яна Хрысціцеля.
У савецкія часы сабор, як і шматлікія іншыя культавыя пабудовы, быў зачынены, але не знішчаны. Хоць, безумоўна, моцна пацярпеў, калі зрывалі крыжы і скідалі званы, нішчылі мошчы, фрэскі і роспісы. Да таго ж абразы ды іншыя каштоўныя прадметы былі раскрадзеныя. У саборы працаваў музейны аддзел. Падчас і пасля вайны да 1960 года храм быў даступны вернікам, але яго зноў зачынілі, у будынку размясцілі планетарый. Канчатковае вяртанне храма Царкве адбылося толькі ў 1989 годзе. На сёння гэта кафедральны сабор, галоўная святыня Гомеля, у якой знаходзіцца грабніца графа Мікалая Румянцава і захоўваецца часцінка Крыжа Гасподняга.
- Свята-Мікалаеўская царква на Валатаве – мураваная каштоўнасць Гомеля
Мікалаеўская царква паўставала з 1805 па 1817 гады на поўдні былой вёскі Валатава. Цяпер гэта Цэнтральны раён Гомеля. Да з’яўлення гэтай праваслаўнай святыні, на сёння найстарэйшага мураванага храма горада, датычны непасрэдна граф Румянцаў, які пастанавіў на месцы старой драўлянай царквы ўзвесці мураваны храм. І, безумоўна, да прац быў прыцягнуты архітэктар Джон Кларк. Мяркуецца, што яшчэ раней на гэтым месцы было язычніцкае капішча. Для роспісу алтара Румянцаў спецыяльна накіраваў вучыцца за граніцу мясцовага майстра-іканапісца. Царква, бачная з графскага палаца, добра ўпісалася ў маляўнічы краявід.
У другой палове XIX стагоддзя Гомель перайшоў князю Паскевічу і ўсе сяляне з Валатавы былі пераселеныя ў суседнюю вёску. Храм зачынілі і практычна паўстагоддзя ён стаяў пусты. Пазней у гісторыі царквы былі розныя перыяды адкрыцця-закрыцця, у выніку яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны валатаўскую царкву зноў зачынілі, будынак паступова руйнаваўся, ператвараючыся хоць і ў маляўнічыя, але руіны. Толькі ў 2000-х гадах тут пачаліся рэстаўрацыйныя працы.
- Пашырэнне Кларкам Гомельскага палаца
На той час, калі архітэктар Джон Кларк прыбыў у Гомель, палац графа Румянцава быў значна меншым, чым мы ведаем яго цяпер. Фактычна гэта быў той будынак, які ў нашы дні з’яўляецца галоўным корпусам палаца. Атрымаўшы даручэнне-заданне ад графа разбудаваць палац, архітэктар узяўся за працу. Істотныя аднаўленчыя змены адбыліся ў галоўным корпусе, дзе паўстала і трэцяя лесвіца. Па абодва ж бакі ад палаца Кларк пабудаваў два двухпавярховыя флігелі.
Што праўда, калі палацам валодаў ужо князь Паскевіч, адбыліся чарговыя змены. Як вынік – левы флігель павялічыўся да трох паверхаў, а правы быў разабраны, замест яго з’явілася ярусная вежа з павільёнам. Дабудаваліся і галерэі, якія звязалі флігель і вежу з галоўным корпусам. Так ці іначай, Джон Кларк быў сярод тых, хто найбольш “прыклаў рукі” да стварэння галоўнай гомельскай славутасці – палацава-паркавага ансамбля на беразе ракі Сож.
- Духоўнае вучылішча, якое паўставала як летні дом графа Румянцава
Калі ў палацы графа Румянцава адбываліся ўрачыстыя прыёмы і балі, то ў летнім доме віравала будзённае жыццё. Гэты летні дом у стылі класіцызму з элементамі барока паўставаў у 1799 – 1819 гадах пад кіраўніцтвам Джона Кларка, і складаўся з двухпавярховага драўлянага корпуса і двух флігеляў. На першым паверсе знаходзіліся дзве парадныя залі, на другім — жылыя пакоі.
Праўда, ужо ў другой палове 19 стагоддзя дом перабудавалі, ён стаў мураваным двухпавярховым П-падобным у плане будынкам, дзе размясцілася Гомельскае духоўнае вучылішча, якое давала не толькі рэлігійную, але і свецкую адукацыю.
Сёння будынак месціцца на вуліцы Білецкага, у ім знаходзіцца адзін з карпусоў Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта.
- Ланкастэрская школа як унікальная з’ява
Ланкастэрская школа ў Гомелі стала першай установай такога тыпу на абшарах Расейскай імперыі і адной з самых буйных школ на тэрыторыі Беларусі, узведзеных у пачатку 19-га стагоддзя. У аснове ланкастэрскай сістэмы навучання ляжаў метад узаемнага навучання, калі лепшыя вучні дапамагалі тым, якія адставалі, або і выкладалі для малодшых вучняў.
Школа паўстала ў Гомелі ў 1818-1819 гадах на сродкі графа Румянцава паводле праекту Джона Кларка. Граф вырашыў адукаваць шырокія масы насельніцтва ў сваім маёнтку. Першымі вучнямі школы акурат і сталі паўсотні сірот з маёнтку графа.
Пасля смерці графа Мікалая Румянцава ў будынку школы мясцілася ткацкая фабрыка, пазней – вайсковы шпіталь. У часы Другой сусветнай вайны будынак апынуўся ў межах перасыльнага лагера “Дулаг-121”, а сёння ў ім месціцца адміністрацыя абутковай фабрыкі.
Безумоўна, гэта не ўсе аб’екты, якія паўсталі дзякуючы архітэктару Джону Кларку. Некаторыя з іх, як касцёл Успення Божай Маці, зніклі з аблічча Гомеля назаўсёды.