Настаўніцу з Мёраў Эму Сцепулёнак пакаралі 2 гадамі калоніі. Паколькі у Беларусі ўсяго дзве жаночыя калоніі (адна ў Гомелі і другая ў Рэчыцкім раёне), то ў хуткім часе настаўніца беларускай мовы будзе этапаваная ў Гомельскі рэгіён. “Штодзень” паразмаўляў з вучаніцай Эмы Сцепулёнак Аляксандрай, каб скласці партрэт палітзняволенай.
Якой ты запомніла Эму Сцепулёнак падчас свайго навучання ў школе.
Яны была вельмі крутая. Выглядала стылёва. Прычым з такімі своеасаблівымі адметнасцямі. Магла прыйсці ў прыгожай незвычайнай сукенцы а-ля 1980-я з такімі плечыкамі. А яшчэ, калі я была ў старэйшых класах, то яна хадзіла ў скураных штанах.
Эма Сцепулёнак на перапынках размаўляла па-беларуску? Ці, як многія беларускія настаўнікі, толькі на ўроку?
Яна была беларускамоўнай цалкам, ніякіх рускіх словаў на перапынках. Яна займалася са мной дадатковымі заняткамі па беларускай мове. У яе была рэпутацыя строгай настаўніцы. Яна вельмі жывая, таму часам падавалася, што рэзкаватая. Але насамрэч яна вельмі класная. Яна вельмі добра выкладала беларускую мову. Яна запомнілася мне як жывы прыгожы чалаваек са стрыжнем. У яе была рэпутацыя строгай і прынцыповай настаўніцы, якая будзе намагацца, каб ты вывучыў яе прадмет. Яе вельмі любілі вучні, у якіх яна была класным кіраўніком.
Памятаю, як у старэйшых класах у мяне з’явіліся кнігі Адама Глобуса. Я да яе прыйшла і ўзрушаная пра тарашкевіцу стала разважаць. Маўляў, “тарашкевіца, усё павінна быць на тарашкевіцы”. А яна мне: “Я насамрэч цалкам за тарашкевіцу, але на наркамаўцы пісаць прасцей: менш займае месца”.
Якія прынцыпы настаўніца закладала ў сваіх вучнях?
Так, падлеткам патрэбныя куміры. І настаўнікі пакідаюць след у жыцці. Калі я прыходзіла да яе займацца беларускай мовай, то думала: “Якая яна незалежная і самастойная жанчына, я хачу такой быць.” І тут справа не толькі ў беларускай мове. Яна была вельмі сучаснай і незалежнай. І за ёй не цягнуўся такі флёр “мележ-колас-купала-класіка-быкаў. А быў такі флёр жывога чалавека. Дзякуючы ёй я зразумела, што беларускай мовай можна карыстацца ў жыцці, напрыклад, калі курыш. То бок на беларускай мове можна размяўляць, што гэта не толькі мова падручнікаў.
Як успрынялі іншыя яе вучні інфармацыю, што яе асудзілі на два гады калоніі?
Я пісала ёй ліст, адзін раз мне прыйшоў адказ. Эма Антонаўна адзначала, што ёй было прыемна атрымаць ад мяне ліст, што прыемна, калі ёй пішуць ейныя вучні. Калі я пішу пра Эму Антонаўну ў сацыяльных сетках, то мае аднакласнікі і іншыя яе вучні школы ставяць сумныя смайлікі. У каментарах і сторыз пішуць, што гэта кашмар. То бок усе адэкватныя людзі лічаць, што ўсе гэта жахліва. Ніхто не кажа, што ёй трэба было сядзець і не высоўвацца. Увогуле ўсе ў шоку, бо ў маштабе Мёраў — гэта проста жахлівая сітуацыя.