Навіны горада

У Гомелі ператрус у афіцэра, які выступіў супраць вайны

Хваля ператрусаў у Гомелі

Афіцэр запасу з Гомеля Аляксандр Пануца паведамляе пра ператрус. 22 лістапада на кватэру, у якой пражывае цешча Аляксандра, завіталі супрацоўнікі ўладаахоўных органаў.

Аляксандр Пануца падчас аднаго з антываенных зваротаў да саслужыўцаў

“Гэта нейкая дзіўная сітуацыя. Прыйшлі чамусьці пракурорскія супрацоўнікі, прывялі з сабой загадзя падрыхтаванага панятога. Пасля вобшуку нічога не забралі, дакументаў не пакінулі ніякіх. Сказалі цешчы, што прыйшлі па артыкулах, звязаных з апазіцыйнай дзейнасцю. Шукалі тэхніку, ноўтбукі, тэлефоны, сімволіку, літаратуру. Не ў першы раз прыходзяць, але цешчу калоціць. Жанчына дарослая, але плача. Распавядалі, што нас чакае і што з намі будзе”, — гаворыць Аляксандр.

У дадзены момант Аляксандр Пануца разам са сваёй сям’ёй жыве ў ЗША, куды пераехаў пасля пераследу на радзіме. Да свайго ад’езду з Беларусі Аляксандр актыўна ўдзельнічаў у пратэстовым руху супраць дыктатуры. За гэта неаднаразова сутыкаўся з ціскам з боку ўлады. 21 верасня 2022 года яго ў кампаніі з некалькімі дзясяткамі апазіцыйна настроеных афіцэраў пазбавілі звання за антываенныя звароты да саслужыўцаў.

“Штодню” таксама вядома пра тое, што 22 лістапада ператрусы прайшлі ў шэрагу актывістаў і партыйных лідараў Гомеля. У прыватнасці, ёсць інфармацыя пра вобшук у былога актывіста Руху “За Свабоду” Аляксея Атрошчанкі і сябра АГП Уладзіміра Кацоры.

 

Штодзень