Памежны камітэт: за год у Беларусь заехалі амаль 107 тысячаў украінцаў

by ZB

Размова ідзе ў асноўным пра заезд у нашу краіну праз Польшчу, мяжа з Украінай у Беларусі практычна закрытая.

Такім шляхам пакарысталіся больш за 84 тысячы чалавек. Яшчэ больш за 20 тысячаў заехалі праз Літву, амаль 2 тысячы – праз Латвію.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў Беларусь заехалі больш за 253 тысячы чалавек. Размова менавіта пра ацэнкі беларускага Памежкамітэту.

У 2023 годзе «Штодзень» паразмаўляў з мясцовым украінцам, які перабраўся ў Беларусь задоўга да вайны. Галоўнае пытанне было, як на фоне стаўлення да Украіны сябе адчуваюць этнічныя ўкраінцы, якія з’яўляюцца па колькасці трэцяй нацыянальнай групай у Гомелі?

«У мяне вельмі вузкі круг зносін цяпер, паколькі ўсе сябры з’ехалі за тры апошнія гады. Таму размовы толькі са сваякамі ці на працы з калегамі. На працы — адсоткаў 30 этнічныя ўкраінцы, з імі можна па душах пагаварыць. Астатнія — ці ў “тэлевізары”, ці не гавораць на тэму вайны нічога, робяць выгляд, што іх гэта не датычыць. Так што ў гэтым грамадстве я ніякіх змен у стаўленні не заўважыў», – казаў тады этнічны ўкраінец, які жыве ў Гомелі.

Прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў неаднаразова звярталіся да сваіх суграмадзян з папярэджаннямі пра рызыкі для ўкраінцаў падчас іх знаходжання ў Беларусі. У прыватнасці, гаворыцца пра шматлікія выпадкі пераследу за праўкраінскія погляды з боку сілавых структур РБ. Акрамя гэтага, маюць месца спробы вярбоўкі ўкраінскіх грамадзян, а таксама крымінальны пераслед нібыта за сувязь з украінскімі спецслужбамі.

Штодзень

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png