Палескі чорны бусел знайшоўся ў Партугаліі. І гэта незвычайна!

by ZB

У Еўропе буслы дзеляцца на дзве групоўкі, якія ляцяць “у вырай” у Афрыку рознымі шляхамі. “Птушкі з Заходняй Еўропы ляцяць праз Гібралтар заходнім шляхам. Птушкі з Усходняй Еўропы – усходнім шляхам праз Басфор. Нашы буслы ляцяць якраз усходнім шляхам. Таму вельмі цікава, што наш чорны бусел апынуўся на зімоўцы ў Партугаліі”, – піша тг “Дзікая прырода побач”.

Пры гэтым шляхі міграцыі ў птушак закладзены на генетычным узроўні. Магчыма, гэты чорны бусел – гібрыд птушак з усходняй і заходняй групоўкі?

А скуль вядома, што ў Партугаліі быў наш, палескі, чорны бусел? Аказалася, што яшчэ ў лістападзе 2023 года адна з аматарак птушак у Партугаліі назірала чорных буслоў. І ў адной з птушак было кольца з нумарам 3В53 – гэты бусел яшчэ ва ўзросце птушаняці быў акальцаваны на гняздзе на беларускім Палессі. Здарылася гэта ў ліпені 2022 года.

Чорны бусел па сваіх памерах крыху меншы за белага бусла, а назва “чорны”, вядома, паходзіць ад колеру апярэння. Верхняя частка тулава, галава, шыя і перад грудзі маюць металічна-бліскучы чорны колер, пер’е — з зеленаватым, пурпурным альбо медным металічным адлівам у залежнасці ад святла.

Можна сказаць, што чорны бусел – лясная птушка, бо гняздуецца ён у глыбіні лесу. Кожная пара чорных буслоў звычайна будуе некалькі гнёздаў. Іх можа аддзяляць нават некалькі кіламетраў. У нізінах тыповым для яго асяроддзем з’яўляюцца шырокія, вільготныя лясы каля балот альбо вадасховішчаў.

Чорны бусел занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Найбольшая ў свеце папуляцыя чорнага бусла жыве на тэрыторыі заказніка Званец. Чорныя буслы акурат пачынаюць вяртацца з зімоўкі, але пабачыць гэтых прыгожых птушак – сапраўдная падзея!

Штодзень

Матэрыял напісаны паводле інфармацыі тг “Дзікая прырода побач”

Фота: Павел Лычкоўскі

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png