Падрабязнасці суду над палітзняволенай Палінай Шарэнда-Панасюк

У Рэчыцы пачаўся чарговы “суд” над палітычнай зняволенай, маці дваіх непаўналетніх дзяцей, Палінай Шарэнда-Панасюк. Як і раней, грамадская дзяячка адмаўляе “суду” ў легітымнасці і лічыць сябе ваеннапалоннай.

Паліна Шарэнда-Панасюк падчас антыдармаедскай акцыі ў Берасці ў 2017 годзе. Фота: ПЦ “Вясна”

Яе муж, Андрэй Шарэнда, паведамляе падрабязнасці таго, як праходзіць чарговае судзілішча над берасцейкай:

“З самага пачатку Паліна, адмовілася прызнаваць “суд” і “суддзю” Станіслава Іванюценку легітымнымі. Яна заявіла, што і надалей лічыць сябе ваеннапалоннай. Таксама Паліна засведчыла, што адмовілася ад беларускага грамадзянства і не хоча мець нічога агульнага з дыктатарскім рэжымам. Сёння былі заслуханы “сведкі” з адміністрацыі калоніі, якія з паперак зачыталі ўсе тыя “правапарушэнні рэжыму адбывання пакарання”, якія нібыта здзейсніла Паліна. Цікава, што адзін з супрацоўнікаў калоніі фактычна адмовіўся сведчыць супраць Паліны, проста зачытаў невыразна нейкі падрыхтаваны загадзя тэкст (…) Паліна ў адказ заявіла, што на яе за апошні час аказваўся моцны псіхалагічны і фізічны ціск. Амаль увесь гэты год яна правяла ў жахлівых умовах штрафнога ізалятару.

Паліна засведчыла, што ў чэрвені гэтага года была моцна збіта іншымі зняволенымі, і лічыць, што гэта было зроблена па загаду адміністрацыі калоніі. Сёння павінны былі пачацца спрэчкі бакоў, і пракурор павінен быў запрасіць для Паліны тэрмін зняволення. Але нечакана пракурор, папрасіў час, каб падрыхтавацца да спрэчак бакоў. І суддзя зрабіў перапынак. Суд адновіцца толькі 9 кастрычніка а 10-й гадзіне.

Увесь гэты тыдзень Паліна застанецца ў ІЧУ г. Рэчыцы. Паліна зрабіла заяву, што ўтрымліваецца ў ІЧУ ў нечалавечых умовах. Ёй не выдалі ні матрац, ні іншыя прыналежнасці. А ўсе асабістыя рэчы і прадукты ў яе забралі. У ІЧУ Паліне прыходзіцца спаць на падлозе, бо спаць на металічных пласцінах, з якіх зроблены нары немагчыма…”

Грамадская дзяячка з Брэста Паліна Шарэнда-Панасюк Была брутальна затрыманая 3 студзеня 2021. Ёй выставілі абвінавачванні паводле артыкул 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). За гэтыя артыкулы Паліну асудзілі на 3 гады. Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

6 жніўня 2023 года Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю, але супраць яе адкрылі новы крымінальны артыкул за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць