Днямі Іван Крупко даў інтэрв’ю часопісу «Эканоміка Беларусі». Мы ўважліва яго пачыталі і даведаліся, што новага, па задумцы чыноўнікаў, павінна з’явіцца на Гомельшчыне, але не факт, што з’явіцца ў бліжэйшы час.
Паводле слоў старшыні Гомельскага аблвыканкама, большая частка інвестыцый будзе накіравана ў прамысловасць, будаўніцтва і сельскую гаспадарку.
«З улікам існуючай у свеце абстаноўкі крытычна важна мінімізаваць залежнасць ад імпартных камплектуючых», – падкрэсліў Крупко.
Паводле яго слоў, ужо створана міжгаліновая рабочая група па будаўніцтве ў Ельскім раёне завода па вытворчасці харчовай соды на радовішчы Заазёрнае. У Мазырскім раёне прапрацоўваецца пытанне ўзвядзення завода па выпуску чыгунна-ліцейнай прадукцыі прадукцыйнасцю да 20 тысяч тон у год і колькасцю персаналу на 100 чалавек.
Таксама ў бліжэйшы час, па расказах Крупко, збіраюцца мадэрнізаваць вытворчыя магутнасці «Гомсельмаша», пашырыць мадэльны шэраг аксіяльна-паршнявых гідрапомпаў і гідрааб’ёмных трансмісій «Салеа-Гомель», наладзіць вытворчасць шматфункцыянальнага апрацоўваючага абсталявання «Станкагомель», запусціць новую вытворчасць пліткавага шакаладу «Спартак», завяршыць будаўніцтва цэха па вытворчасці паперы ў «Светлагорскім ЦКК» і рэканструкцыю цэха па вытворчасці харчовых прадуктаў на аснове другаснай малочнай сыравіны на «БелСыр».
Планы, канешне, напалеонаўскія, улічваючы рэальны стан прамысловасці ў рэгіёне. Цікава, што з гэтага рэальна будзе рэалізавана хаця б у бліжэйшыя некалькі год.