Нелаяльных “сельмашаўцаў” пераследуюць нават пасля звальнення. Рэпрэсаваным грамадзянам не даюць працаваць

У рэдакцыі “Штодня” маецца доказ палітычнага звальнення і пераследу сельмашаўцаў

by ZB

Звольненым па палітычных матывах супрацоўнікам холдынга “Гомсельмаш” перашкаджаюць у працаўладкаванні. У распараджэнне рэдакцыі “Штодня” трапіў дакумент, падпісаны начальнікам упраўлення па рабоце з персаналам ААТ “Гомсельмаш” А.Д. Бураком, у якім кіраўніцтва аздараўленчага лагера “Сожскі бераг” апавяшчаецца пра тое, што ў арганізацыі працуе нелаяльны да ўладаў грамадзянін.

Уваходная брама летніка “Сожскі бераг”. Фота – з сайту лагера

“Дзеля выканання прэзідэнцкага Дэкрэта № 6 узнікла неабходнасць інфармавання пра працаўладкаванне на Вашае прадпрыемства былога работніка холдынга “Гомсельмаш”, сацыяльная і грамадзянская актыўнасць якога не была скіраваная на падтрымку прынцыпаў, мэтаў і задач Рэспублікі Беларусь”, – гаворыцца ў лісце. І далей у тэксце выклікаюць “на дыван”, ва ўпраўленне па рабоце з персаналам “Гомсельмаш”, кіраўніка кадравай службы “Сожскага берага”, якому на месцы, відавочна, давядуць, што прынятага на працу работніка неабходна звольніць. Такім чынам, у рэдакцыі “Штодня” маецца дакумент, у якім зафіксаваны факт палітычных рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў, якіх пакідаюць без сродкаў да існавання. Адметна, што ў гэтым канкрэтным выпадку адказнасць за пераслед сельмашаўца нясе А.Д. Бурак.

Што цікава, у канцы снежня 2021 года той самы Бурак на старонках мясцовай прапагандысцкай газеты “Гомельскія ведамасці” імкнуўся абвергнуць факт палітычных звальненняў на “Гомсельмашы”.

“Усім сёння зразумела, што падобная інфармацыя, укінутая адпаведнымі рэсурсамі ў інтэрнэт, разлічана на прыцягнення ўвагі да падобнага роду каналаў, дэстабілізацыю абстаноўкі, нагнятанне негатыву. Нашае прадпрыемства працуе, своечасова выплачвае заробкі і іншыя выплаты, у тым ліку і за працу па-за нормай. На “Гомсельмашы” сёння працуе больш за 8 тысяч чалавек (усяго па холдынгу – каля 13 тысяч чалавек). Адныя звальняюцца, іншыя прыходзяць. Тут нічога надзвычайнага няма. Напрыклад, сёлета прынята на працу больш за 1100 чалавек (па холдынгу каля 2 тысяч), звольніліся – 980 (па холдынгу – 1,5 тысяч чалавек). Мы ў любым выпадку ў плюсе”, – выказваўся на тэму палітычных звальненняў кадравік.

Аздараўленчы лагер “Сожскі бераг”, як вынікае з інфармацыя з адкрытых крыніц, часта прымае ў сябе дзяцей супрацоўнікаў “Гомсельмаш”. Знаходзіцца лагер у курортным пасёлку Чонкі, што пад Гомелем.

Штодзень

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png